Новым рэктарам ЕГУ зноў стаў не беларус
Упершыню рэктарам ВНУ стане паляк — выбітны эканаміст Кшыштаф Рыбіньскі, які раней узначальваў эканамічны ўніверсітэт у Казахстане і быў віцэ-прэзідэнтам Нацбанка Польшчы.
03.02.2023 / 11:54
Фота: voxpopuli.kz
3 лютага на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта было абвешчана, што новым кіраўніком Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня) ізноў стане чалавек не з Беларусі: на вакансію выбралі вядомага польскага эканаміста Кшыштафа Рыбіньскага.
55-гадовы Кшыштаф Рыбіньскі атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Варшаўскай школе эканомікі, мае таксама ступень магістра камп’ютарных навук. У розны час працаваў як кансультант Сусветнага банка, дырэктар праграм Фонду Сораса ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, галоўны эканаміст і кіраўнічы дырэктар камерцыйных банкаў.
Пазней Рыбіньскі перайшоў на працу ў Нацыянальны банк Польшчы, дзе заняў пасаду віцэ-прэзідэнта, а потым стаў адным з партнёраў Ernst & Young, дзе кіраваў групай эканамічнай стратэгіі.
Паляк таксама мае вопыт кіраўніцтва ўніверсітэтамі. У перыяд з 2010 па 2015 годы ён быў рэктарам варшаўскай Акадэміі фінансаў і бізнэсу «Вістула», а з 2015 па 2018-ы — рэктарам Новага эканамічнага ўніверсітэта імя Т. Рыскулава ў Казахстане.
Падчас працы ў Казахстане Рыбіньскі адзначыўся ўпартай барацьбой з карупцыяй у давераным яму ўніверсітэце. Паляк змагаўся з перадачай выкладчыкам грошай за павышэнне адзнак і магчымасцю атрымаць экзаменацыйныя паперы загадзя, а таксама распрацаваў сістэму калектыўнага пакарання хабарнікаў. Калі выкладчыка лавілі на атрыманні грошай ад студэнта, звальнялі і выключалі з універсітэта не толькі іх, але і іх наўпроставага кіраўніка. З моманту ўвядзення такога правіла, паводле Рыбіньскага, не было зафіксавана ні аднаго выпадку хабарніцтва ва ўніверсітэце.