Прэм'ер Кыргызстана выкарыстаў пры падрыхтоўцы прамовы штучны інтэлект
Частку выступу прэм'ер-міністра Кыргызстана Акылбека Жапарава на форуме Digital Almaty напісаў штучны інтэлект. Пра гэта прэм'ер сказаў сам.
03.02.2023 / 17:31
Фота: gov.kg
У сваёй прамове на форуме кыргызстанскі прэм'ер гаварыў пра перавагі сучасных камп'ютарных тэхналогій, з якіх найбольш важнымі назваў два напрамкі — крыптавалюты і штучны інтэлект.
«Напрыклад ChatGPT, які паспяхова здае экзамены ў бізнэс-школах, праходзіць анлайн-сумоўі і працаўладкоўваецца. Тое, што было фантастыкай 10 гадоў таму, сёння стала рэальнасцю.
Ды што там казаць, маё сённяшняе выступленне было часткова згенеравана з дапамогай гэтага штучнага інтэлекту», — сказаў Жапараў.
У зале ягоныя словы сустрэлі апладысментамі.
Чат-бот са штучным інтэлектам ChatGPT быў запушчаны 30 лістапада 2022 года. З яго дапамогай карыстальнікі могуць генераваць тэксты рознага аб'ёму, а таксама, як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, пісаць код для праграмнага забеспячэння.