«Барселону» вінавацяць у буйным хабары і могуць нават выкінуць з Ла Лігі
Славуты каталонскі футбольны клуб «Барселона» патрапіў у буйны карупцыйны скандал: выданні Cadena SER і AS паведамілі, што клуб у 2016-2018 гадах выплачваў грошы фірме тагачаснага віцэ-прэзідэнта Тэхнічнага камітэта арбітраў Федэрацыі футбола Іспаніі Хасэ Марыі Энрыкесу Негрэйра. З гэтай нагоды ўжо ідзе судовае расследаванне, паведамляе «Трыбуна».
16.02.2023 / 20:16
Фота: AP Photo/Alberto Saiz
Cadena SER і AS паведамілі, што Негрэйра атрымліваў сродкі ад «Барселоны» на працягу сама меней трох гадоў на рахункі кампаніі DASNIL 95 SL. Усяго ён атрымаў за 2016-2018 гады 1 392 680 еўра.
Сумневаў, што грошы павінен быў атрымаць менавіта Негрэйра, няма: ён адзіны ўладальнік кампаніі.
У інвойсах прычынай плацяжу былі пазначаныя «тэхнічныя кансультацыі». У справаздачы падатковага агенцтва, якое і пачало расследаванне, напісана: «Барселона» хацела пераканацца, што ў дачыненні да іх не будуць прынятыя ніякія супярэчлівыя рашэнні арбітраў».
Крыніцы, блізкія да тагачаснага кіраўніцтва клуба (яго ўзначальваў Жазэп Бартамеў), прызнаюць камерцыйныя адносіны, і што «праца» паміж структурамі сапраўды вялася.
Але гаворка ідзе не пра подкуп суддзяў — Негрэйра нібыта даваў гульцам кансультацыі па паводзінах на полі і пра тое, як можна ці нельга сябе паводзіць з тымі ці іншымі рэферы.
«Барселона» ужо выпусціла заяву пра публічныя абвінавачванні, якая складаецца з пяці пунктаў:
«1. У мінулым «Барселона» купляла паслугі знешняга кансультанта, які даваў тэхнічнаму сакратарыяту клуба справаздачы ў відэафармаце маладых гульцоў з іншых клубаў у Іспаніі.
2. Дадаткова адносіны з пастаўшчыком паслуг пашыраліся да тэхнічных справаздач, якія тычацца прафесійнага судзейства, каб дапоўніць інфармацыю, запытаную трэнерскімі штабамі першай і другой каманд. Гэта звычайная практыка сярод прафесійных футбольных клубаў.
3. Такія паслугі цяпер з'яўляюцца часткай абавязкаў спецыяліста, які працуе ў дэпартаменце футбола.
4. «Барселона» шкадуе, што гэтая інфармацыя была выпушчаная менавіта ў момант, калі каманда набрала найлепшую форму ў сезоне.
5. «Барселона» прыме юрыдычныя меры ў дачыненні да тых, хто спрабуе разбурыць імідж клуба з магчымымі інсінуацыямі супраць станоўчай рэпутацыі клуба, што можа адбыцца з-за апублікавання такой інфармацыі».
Тэхнічны камітэт арбітраў на гэты момант адмежаваўся ад Негрэйра і заявіў, што будзе садзейнічаць расследаванню.
Пакуль інсайдаў адносна таго, якое спартыўнае пакаранне могуць даць камандзе няма. У дысцыплінарным рэгламенце Федэрацыі футбола Іспаніі, аднак,
ёсць пералік усіх магчымых наступстваў для «Барсы», калі яе прызнаюць вінаватай: ад публічнага асуджэння да паніжэння ў класе.