Стала вядома, хто рыхтаваў план паглынання Беларусі Расіяй
План па паглынанні Беларусі Расіяй да 2030 года рыхтавалі ва Упраўленні прэзідэнта РФ па прыгранічным супрацоўніцтве. У яго распрацоўцы таксама бралі ўдзел супрацоўнікі ГРУ, Генштаба УС РФ, Службы замежнай разведкі і 5-й службы ФСБ, паведамляе цэнтр «Дасье».
22.02.2023 / 16:38
Краінамі блізкага замежжа ў еўрапейскім кірунку займаецца спецыяльны аддзел Адміністрацыі прэзідэнта — Упраўленне прэзідэнта па прыгранічным супрацоўніцтве. Яно ўмешваецца ў палітыку Беларусі, Малдовы і краін Балтыі. Курыруе ведамства Дзмітрый Козак.
Кіруе Упраўленнем прэзідэнта РФ па прыгранічным супрацоўніцтве Аляксей Філатаў. Раней ён прадстаўляў інтарэсы Крамля ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, а яшчэ курыраваў гуманітарнае і палітычнае ўзаемадзеянне з «ДНР» і «ЛНР».
Стварыць стратэгію па паглынанні Беларусі аддзелу Філатава даручылі літаральна за некалькі месяцаў да падпісання дэкрэта Саюзнай дзяржавы, які зацвердзіў тыя самыя 28 праграм па інтэграцыі. Канчатковы прадукт быў прадстаўлены Козаку восенню 2021 года. Распрацоўкай дакумента займаліся супрацоўнікі Упраўлення па прыгранічным супрацоўніцтве Сяргей Маленка і Вадзім Палішчук. Яны не простыя чыноўнікі.
Сяргей Маленка. Фота: «Раскангрэс»
Напрыклад, Сяргей Маленка быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна падчас прэзідэнцкіх выбараў 2012 года, будучы выканаўчым дырэктарам Цэнтра сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі ў Прыволжскай федэральнай акрузе. Праз тры гады Маленку прызначылі кіраваць адным з дэпартаментаў ва Упраўленні Адміністрацыі прэзідэнта па сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве з дзяржавамі — удзельнікамі СНД, рэспублікамі Абхазія і Паўднёвая Асеція. Пазней аддзел пераўтвораць ва Упраўленне па прыгранічным супрацоўніцтве. У ім ён узначальвае Дэпартамент супрацоўніцтва па інтэграцыйных праектах.
Вадзім Палішчук — старшы дарадца Маленкі. У 1980-х ён служыў у дыслакацыі 309-га Цэнтральнага радыёпеленгацыйнага вузла сувязі ГРУ, затым падаўся ў журналістыку і толькі потым — у Адміністрацыю прэзідэнта.
Вадзім Смірноў (крайні справа). Фота: цэнтр «Дасье»
Яшчэ адзін стваральнік стратэгіі з Адміністрацыі прэзідэнта — Вадзім Смірноў. Ён кіруе дэпартаментам ва Упраўленні прэзідэнта па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі. Як стала вядома з архіва рабочых дакументаў упраўлення, замест культурных сувязяў яно займалася па большай частцы вярбоўкай агентаў у суседніх краінах і ўмяшаннем у выбары. У прыватнасці, супрацоўнікі ўпраўлення падтрымлівалі пракрамлёўскую апазіцыю ў Грузіі і прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона. Сам Смірноў ва ўпраўленні курыраваў Прыбалтыку.
У распрацоўцы дакумента ўдзельнічалі і супрацоўнікі ГРУ. У працу быў уцягнуты начальнік беларускага кірунку Андрэй Грэшнікаў. У 2016 годзе поўны цёзка Грэшнікава працаваў першым сакратаром пасольства Расіі ў Беларусі.
Андрэй Грэшнікаў. Фота: sputnik.by/з асабістага архіва Грэшнікава
Над праектам таксама папрацавалі Генштаб УС РФ, Служба знешняй разведкі і 5-я служба ФСБ, якая праславілася аперацыямі па ўмяшанні ў справы замежных краін. У СЗР беларускі кірунак курыруе Уладзімір Круглякоў, а ў ФСБ — Аляксандр Стрэльнікаў.