Мінздароўя ўвяло новыя правілы для аптэк. Іх стане менш: хочуць прыдушыць канкурэнтаў «БелФармацыі»

Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў «Належную аптэчную практыку», якія могуць істотна абмежаваць дзейнасць камерцыйных аптэк. 

23.02.2023 / 21:24

З 1 сакавіка ў гарадах і пасёлках нельга будзе адкрыць невялікія аптэкі ці кіёскі, калі там няма галаўной аптэкі.

Пра гэта гаворыцца ў пастанове Міністэрства аховы здароўя, якой унесеныя змены ў іншую пастанову ад 27 снежня 2006 года (№120). Яна закранае дзейнасць аптэк першай, другой і пятай катэгорый. Пастанова была прынятая 20 студзеня 2023 года, а ўчора на сайце міністэрства апублікавалі тлумачэнне да яе.

Першая і другая катэгорыі — гэта галаўныя (вялікія) аптэкі. А аптэкі пятай катэгорыі — дробныя, ім звычайна адводзіцца невялікі закуток у гандлёвых цэнтрах, на вакзалах, рынках ці ставіцца шапік. Цяпер, згодна з новаўвядзеннем, неабходна спачатку адкрыць аптэку першай ці другой катэгорый і толькі пасля дазваляецца пятай катэгорыі.

«Размяшчаць вялікія камерцыйныя аптэкі ў невялікіх гарадах нявыгадна, таму, напрыклад, у Валожыне ці Лоеве калі не будзе галаўной аптэкі, то і яе філіялаў таксама не будзе», — выказвае сваё бачанне гэтых змен загадчыца адной з камерцыйных аптэк.

Такое патрабаванне набудзе моц для аптэк, створаных пасля 1 сакавіка 2023 года.

З 1 чэрвеня 2023 года камерцыйным аптэкам пятай катэгорыі (а многія з камерцыйных аптэк адносяцца да гэтай катэрыі) дазволяць прадаваць толькі безрэцэптурныя лекавыя прэпараты.

«Гэта не асноўны даход камерцыйных аптэк, бо большасць лекаў безрэцэптурныя. Аднак галоўнае з пераліку таго, што мы не можам прадаваць — гэта жыццёва важныя рэцэптурныя прэпараты, якія не вырабляюцца ў Беларусі і якія выпісваюцца льготна. Людзі такія лекі куплялі, дзе знаходзілі, калі іх не было ў «БелФармацыі». Прыязджалі нават па іх і расіяне», — расказвае аптэкарка.

Па яе словах, абмежаванні прывядуць да змяншэння даходу камерцыйных аптэк. Стратныя аптэкі пачнуць зачыняцца.

«Разлік на тое, што работнікі камерцыйных аптэк — правізары, фармацэўты — пойдуць з камерцыйных у дзяржаўныя аптэкі. Такім чынам Міністэрства аховы здароўя спадзяецца вырашыць пытанне з кадрамі», — мяркуе загадчыца аптэкі.

Па яе словах, мінулай восенню «на розных нарадах чыноўнікі запэўнівалі, што хутка будзе прынятае новае палажэнне, у выніку якога яны кадравыя пытанні вырашаць і ў іх будзе дастатковая колькасць фармацэўтаў і правізараў».

На 23 лютага, згодна з нацыянальным банкам вакансій, установам аховы здароўя не хапала 235 правізараў. Амаль усе заяўкі з вакантнымі месцамі — ад «БелФармацыі». У Беларусі больш за 3500 аптэк. Колькасць камерцыйных і дзяржаўных аптэк прыкладная роўная.

У Мінску не хапае 3500 медыкаў, а ў Польшчу за год пераехала столькі, што хапіла б укамплектаваць усе лякарні Брэстчыны

«Я не збіраўся капаць акопы». Медык з райцэнтра расказвае, чаму больш не вытрымаў

Лукашэнка: «Ніхто так у свеце не справіўся з каранавірусам, як у Беларусі». Насамрэч смяротнасць у Беларусі найбольшая ў параўнанні з суседзямі

Nashaniva.com