«Я не збіраўся капаць акопы». Медык з райцэнтра расказвае, чаму больш не вытрымаў
Пётр у медыцыне больш за дзесяць гадоў. Да нядаўняга часу ён працаваў тэрапеўтам, пакуль не з'ехаў з сям’ёй. Ён апавядае, як зарабляў тысячу даляраў у райцэнтры і ледзь не выгарэў, згадвае пандэмію і тлумачыць, чаму многія медыкі, якія цяпер у замежжы, не вернуцца.
«У ваенкаматы выклікалі не проста для зверкі даных»
Пётр (імя зменена) працаваў у раённай бальніцы і паліклініцы. Пасля пратэстаў 2020 года пабываў у няволі, зазнаў ператрусы і прафілактычныя гутаркі.
«Да мяне не адзін раз прыходзілі. Быў вобшук дома і на маім працоўным месцы. На гутаркі прыходзілі розныя людзі з розных структур. Забіралі ў ізалятар», — апавядае Пётр.
Ён чакаў, што рэпрэсіі сціхнуць, але пераслед медыкаў аднавіўся. Сілавікі ўзяліся маніторыць старыя справы за каментары ў сацсетках. Некаторых калегаў Пятра другі і нават трэці раз кідалі на суткі да высвятлення абставінаў.
«Вайна ва Украіне яшчэ больш абвастрыла абстаноўку, — працягвае Пётр. — У ваенкаматы сталі выклікаць не проста для зверкі даных. Там інструктавалі, што трэба рабіць, калі пачнуцца ваенныя дзеянні.
Я ваяваць не збіраўся: ні са зброяй (гэта наогул не мая тэма браць зброю ў рукі), ні медыкам, ні акопы капаць. Я супраць гэтага ўсяго, але ведаю, што яны могуць выкарыстаць. У турму за адмову ваяваць не хацеў.
Вырашылі, пакуль ёсць магчымасць, з'ехаць з сям’ёю. Мы бачым, што сітуацыя ў краіне яшчэ болей абвастраецца, таму прынялі такое рашэнне».
Хацелася звольніцца, знайсці прасцейшую працу
Да ад'езду Пётр спрабаваў працаваць на дзве стаўкі ў розных месцах і зарабляў тысячу даляраў.
«Грошы тады ішлі на будаўніцтва жылля і яго ўпарадкаванне. Таму заашчадзіць не ўдалося ні на машыну, ні на адпачынак. Па завяршэнні будаўніцтва больш за шэсць гадоў аддавалі даўгі за крэдыт», — адзначае ён.
«Ні да чога добрага праца на дзве стаўкі не прывяла, — прызнаецца медык. —
Увесь час аддаваў працы. Не бачыў сям’і і дзяцей. Не мог нармальна адпачыць. Атрымаў суцэльнае выгаранне. Знікла жаданне працаваць лекарам увогуле. Хацелася знайсці прасцейшую працу і нават пайсці ў таксі. Нехта ў такой сітуацыі стрэс здымае алкаголем або іншым нейкім радыкальным чынам».
Хваробы маладзеюць
Пётр лячыў пажылых пацыентаў, сярод якіх было нямала з запушчанымі хваробамі. Пераважалі сардэчна-сасудзістыя, эндакрыналагічныя, частымі былі праблемы са шчытападобнай залозай, з ціскам, ішэмічнай хваробай сэрца, цукровым дыябетам, атлусценнем.
«Сталі часцей хварэць на анкалогію. У мужчын выяўляюць часцей рак прастаты, у жанчын — малочных залоз», — дзеліцца ён назіраннямі.
Хваробы сталі маладзець. На тое ўплывае лад жыцця пацыента, стрэсы ды экалогія. Акрамя таго, зʼявіліся новыя метады дыягностыкі, якія выяўляюць рэдкія для мінулых часоў хваробы, адзначае Пётр.
«Памаладзелі сардэчна-сасудзістыя захворванні, гіпертаніі. Раней такія праблемы сустракаліся ў людзей пажылога веку, а цяпер іх выяўляюць у маладых. Інфаркты, інсульты здараюцца ў мужчын да 50 гадоў. Больш людзей з дыябетам. Калі артрозы выяўлялі ў людзей 50-60+, то цяпер у значна маладзейшых».
Кавід паказаў, чаго вартая беларуская медыцына
Да пандэміі беларуская медыцына не была падрыхтаваная, лічыць медык. У раёнах многія кіраўнікі не верылі, што сутыкнуцца з эпідэміяй такога маштабу.
«Сістэма аховы здароўя адмаўляла праблемы. Калі б не замоўчвалі іх, а рыхтавалі людзей інфармацыйна, то яны б былі больш асцярожнымі, — мяркуе ён. — А так было шмат неабачлівых людзей, якія ігнаравалі прынцыпы бяспекі, што прывяло да вялікага наплыву пацыентаў у бальніцах і паліклініках».
Доктар апісвае сітуацыю ў сваім раёне — ён сам працаваў у кавідным аддзяленні. Хварэла шмат медыкаў. Бракавала санітарак, і не было каму прыбіраць палаты. Медсёстры амаль адразу захварэлі, і не было каму назіраць за пацыентамі ў стацыянарах.
У медычнага персаналу не было дастаткова сродкаў індывідуальнай абароны. Не хапала кіслародных апаратаў, хаця на той момант усе ведалі, што асноўнае лячэнне падчас кавіду — гэта кісларод.
«Мясцовыя чыноўнікі баяліся праяўляць ініцыятыву, не было маральнай падтрымкі, а фінансавая зʼявілася потым. Медыкі былі кінутыя з хваробаю сам-насам, і ім даводзілася ратаваць саміх сябе і спадзявацца на дапамогу людзей», — апавядае Пётр.
«У калектыве было больш за 100 чалавек, і амаль усе супраць рэжыму Лукашэнкі»
Па словах Пятра, у яго калектыве было больш за 100 чалавек, і амаль усе былі супраць рэжыму Лукашэнкі ды спадзяваліся на перамены. Пандэмія каранавіруса для медыкаў стала ключавым момантам. Нават тыя, хто быў за ўладу падчас кавіду, перагледзелі свае погляды.
«Медыкі выходзілі на пратэсты, бо ўбачылі, што сістэма аховы здароўя і ўлада ў цэлым ігнаруюць праблемы», — падкрэслівае Пётр.
Мужчына пабываў на сутках за кратамі. У ізалятары ведалі, што ён лекар. Стаўленне да яго не было жорсткім, а турэмшчыкі не ўжывалі фізічнай сілы і зняважальных выказванняў.
«У камеры былі ўмовы, як ва ўсіх палітычных. У нас забіралі матрацы. Мы спалі на жалезных нарах. Асвятленне кругласуткава гарэла. Была забарона на перадачы. Дазволілі толькі перадаць сродкі гігіены. Ніякай ежы, лістоў і кніг», — згадвае ён.
Пётр кажа, што ноччу падымалі два разы і трэба было падысці да дзвярэй, назваць сябе.
«Гэта катаванне, калі не можаш нармальна спаць. Можна было ўсё адмарозіць, лежачы на жалезе, таму спалі на падлозе. Каму ўдавалася неяк разжыцца яшчэ аднымі нагавіцамі, швэдрам, то можна было на нарах паляжаць, але нядоўга. Нас правяралі каб удзень не сядзелі. Можна было стаяць ці хадзіць».
Пётр кажа, што турэмшчыкі стараліся ўскладніць жыццё нявольнікам, але людзі за кратамі знаходзілі моманты, каб пасмяяцца, разрадзіць абстаноўку.
Недахоп медыкаў будзе большым
Цяпер Пётр у Польшчы рыхтуецца аднавіць медычную практыку, пацвердзіўшы дыплом лекара. Ён кажа, што на чужыне трэба даказваць, што з сябе ўяўляеш. Шлях гэты няпросты, але рэальны.
«Калі пераадольваеш цяжкасці на чужыне, то наўрад ці захочацца вярнуцца ў Беларусь. Людзі прывыкаюць да пэўнага сэрвісу, да іншых умоў жыцця. А тут стаўленне да лекара не роўня нашаму. Беларускіх лекараў цэняць. Яны маюць добрую базу падрыхтоўкі, досвед, веды», — разважае Пётр.
Недахоп медыкаў у Беларусі будзе толькі павялічвацца, прагназуе ён.
«У нас утварылася вялікая дзірка паміж пажылымі лекарамі і маладымі калегамі. Сярэдняе пакаленне, канкурэнтназдольнае, зʼязджае».
Паводле Пятра, сістэма аховы здароўя і дзяржава сутыкаецца з праблемамі, якія сама стварыла сваім абыходжаннем з медыкамі.
«Застаецца яшчэ нямала добрых спецыялістаў, але іх колькасці не дастаткова, каб задаволіць патрэбы ўсёй медыцыны. У райцэнтрах цяпер наогул бяда з кадрамі. Вялікі недабор і сярэдняга персаналу. Павелічэнне колькасці навучэнцаў у медвучылішчы сітуацыі не выратуе, бо маладыя спецыялісты таксама будуць імкнуцца кудысьці зʼехаць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Власть, кроме нищеты, репрессии, террора, деградации и войны не может ничего предложить.
Наоборот цементирует и бетонирует такое положение дел.