Гэты філосаф пісаў пра віну краіны-агрэсара і тое, хто павінен несці адказнасць. Яго развагі маюць значэнне і для нас
Нямецкі філосаф Карл Ясперс правёў усю Другую сусветную ў Германіі, але не быў замешаны ў сувязях з нацыстамі і жыў пад пагрозай арышту. Таму пасля вайны, калі надышоў час нямецкага пакаяння, яго аўтарытэту хапіла, каб стаць адным з ідэйных архітэктараў пераасэнсавання той вайны народам, які яе распачаў.
08.03.2023 / 12:04
Фота: ВК Першамайскага райкама БРСМ
24 лютага 2022 года, калі расійская армія напала на Украіну ў тым ліку і з беларускай тэрыторыі, Беларусь ператварылася ў краіну-суагрэсара. Шмат хто з нас, калі бачыў кадры бамбардзіровак, крыві і слёз, задаваў сабе пытанне: а ці мог я нешта зрабіць, каб усяго гэтага не было? Ці ёсць у гэтым мая віна?
Немцы пасля Другой сусветнай праходзілі шлях пакаяння. Пра палітычную адказнасць гэтага народа Карл Ясперс разважаў у творы «Пытанне пра вінаватасць».
Крыху пра пазіцыю самога філосафа. Ясперс ніколі не падтрымліваў ні нацызм, ні камунізм, ні таталітарызм, затое верыў у гуманістычныя ідэалы, індывідуальную свабоду і абмежаванне функцый урада. Ён быў жанаты з хрышчонай яўрэйкай і разыходзіўся ў поглядах з іншым вялікім нямецкім філосафам Марцінам Хайдэгерам праз тое, што Хайдэгер падтрымліваў нацызм.
У 1937 годзе Ясперса пазбавілі звання прафесар, але ён працягваў працаваць «у стол». Да самага падзення нацызму ён чакаў, што па яго прыйдуць. А пасля вайны вярнуўся да выкладання і прачытаў шэраг лекцый, што і леглі ў аснову яго «Пытання пра вінаватасць».
Тут трэба сказаць, што ў 1945 годзе немцы былі не надта настроеныя на пакаянне. У частках Германіі, акупаваных заходнімі краінамі, праводзілася інфармацыйная кампанія з мэтай навязаць немцам адчуванне віны, але грамадства, якое знаходзілася ў дэпрэсіі і расчараванні, не было да гэтага здольнае. Што да нямецкіх рэгіёнаў, дзе пазней утварылася ГДР, то там увогуле спрабавалі пазбавіцца ад любых напамінаў пра таталітарнае мінулае.
Фота: сацсеткі
Але пра віну казалі нямецкія інтэлектуалы, і голас Ясперса быў адным з самых гучных. Філосаф сцвярджаў: так, народ адказвае за сваю дзяржаўнасць, і кожны немец адказны за злачынствы Вермахта. Ён адмаўляў, аднак, тое, каб слепа навязваць немцам калектыўную віну, і дзеля гэтага падзяліў феномен віны на чатыры тыпы:
- Палітычная адказнасць, якую нясе кожны немец і праз якую ён мусіць пакрываць нанесеную шкоду ў юрыдычна ўсталяванай форме. Немец мусіць пакутаваць ад выніку дзеянняў пераможцаў.
- Крымінальная адказнасць, якая датычыць непасрэдна тых, хто здзяйсняў злачынствы.
- Маральная адказнасць, то-бок адказнасць перад уласным сумленнем за зробленае.
- Метафізічная адказнасць за тое, што чалавек не здолеў перашкодзіць злачынству.
Ясперс таксама аддзяляў актыўны ўдзел у злачынствах ад пасіўнага і разважаў пра тое, хто мае права прызнаваць чалавека ў нечым вінаватым. Крымінальную віну вызначае суд, палітычную — прыналежнасць да іншай краіны, а вось за маральную і метафізічную віну збольшага адказнае наша сумленне, хіба што ў выпадку з маральнай віной магчыма абмеркаваць яе з блізкімі людзьмі.
А яшчэ нямецкі філосаф адказвае ўсім тым, хто лічыць, што вайна і злачынствы іх радзімы — не іх справа, і хто проста лічыць, што ён «па-за палітыкай»: «Хтосьці спытаў: ці нясуць народы віну за кіраўнікоў, якіх яны цярпяць? Напрыклад, Францыя за Напалеона. Маецца на ўвазе, што пераважная большасць ішла за Напалеонам, жадала магутнасці і славы, якія ён здабыў. Напалеон быў магчымы толькі таму, што французы жадалі яго. Яго веліч — дакладнасць, з якой ён зразумеў, чаго чакалі народныя масы, што хацелі чуць, якіх хацелі ілюзій, якіх матэрыяльных каштоўнасцей».
Фота: прэс-служба МУС
У першыя гады пасля вайны Ясперса не разумелі, ды і ён сам бачыў, што ў палітычным клімаце Германіі захоўваюцца згубныя, з яго пункту гледжання, погляды. Хутка філосаф пераехаў у Швейцарыю, а яго калега Ханна Арэнт, якая эмігравала яшчэ да перамогі, так і не вярнулася на радзіму. У тым грамадстве панавалі, напрыклад, палярныя погляды на Нюрнбергскі трыбунал, які часам успрымалі як правасуддзе ад пераможцаў. У канцы 1952 года 37% апытаных жыхароў ФРГ казалі, што краіне было б лепш без яўрэяў, і нават у 1965 годзе такіх было 19% сярод апытаных.
Віну заўсёды лягчэй прызнаваць, калі яна не твая. З часам вырасла новае пакаленне, якое не ўдзельнічала ў тым, што рабілі яго бацькі, і яно пагадзілася перагледзець нацысцкае мінулае краіны. Інакш не было б падзеі 7 снежня 1970 года, калі нямецкі канцлер Вілі Брант у знакамітым жэсце стаў на калені перад помнікам героям Варшаўскага гета. І не было б 80-х, калі пераасэнсаванне мінулага нарэшце стала справай усяго нямецкага народа.
Карл Ясперс пракладае праз прызнанне віны шлях да палітычнай свабоды — і нацыянальнай, і асабістай; і для яго нямецкае ачышчэнне — абавязковая рэч. З іншага боку, ён не адмаўляе таго, што на шляху Гітлера ў свой час маглі аказацца замежныя краіны. Інтэлектуал згадвае настроі ў сваім асяроддзі ў 1933 годзе, калі шмат надзей было звязана з іншымі краінамі. Магчыма, хоць нехта з іх прыме рашэнне пра ваенную інтэрвенцыю ў Германію, пакуль яшчэ хоць нешта можна выправіць?
Але складваецца інакш: 14 ліпеня 1933 года нацысцкая партыя робіцца дзяржаўнай і ўжо 20 ліпеня Ватыкан першым і не апошнім прызнае легітымнасць гітлераўскага ўрада.
Ясперс параўноўвае гітлераўскую Германію з турмой, з якой, калі ты ўжо там апынуўся, ніяк не выбрацца без старонняй дапамогі. Ён успамінае, што першымі вязнямі канцлагераў былі самі немцы, ды і пасля пачатку вайны нямецкіх вязняў у лагеры было багата. Гэта ўказвае, паводле філосафа, на тое, што супраціў унутры Германіі быў заўсёды, але ж узровень тэрору ў краіне амаль не даваў яму шансаў на поспех.
Ці сведчаць гэтыя і іншыя адзначаныя філосафам варыянты апраўданняў пра тое, што грамадзяне таталітарнай краіны-агрэсара мусяць зняць з сябе віну? Зусім не. Філосаф толькі пратэстуе супраць таго, каб гэтая віна была навязанай, штучнай і аўтаматычна калектыўнай.
Тое, што трэба і што можа даць пачатак новаму грамадству, — гэта шчырае асэнсаванне сваёй віны, якое мусіць ісці ад разумення таго, што ты мог зрабіць інакш, але не зрабіў.
Яно ў Ясперса падобнае да хрысціянскай метанойі — пакаяння, у цэнтры якога змяненне розуму, спроба перайначыць свае паводзіны і, нарэшце, пачаць жыць па-іншаму, не «па-за палітыкай», а як жывы і абазнаны грамадзянін сваёй краіны.
«Што яно, насельніцтва, ведае пра сваю адказнасць — гэта першая прыкмета абуджанай у ім палітычнай свабоды. Толькі калі ёсць і прызнаюцца такія веды, свабода сапраўды прыходзіць, а не застаецца толькі знешнім дамаганнем несвабодных людзей. Унутраная палітычная няволя паслухмяная, а з іншага боку, яна не пачуваецца вінаватай. Усведамленне сваёй адказнасці — гэта пачатак унутранага перавароту, які імкнецца ажыццявіць палітычную свабоду», — пісаў Ясперс.
Фота: Alexandr Zemlianichenko Jr / AP Photo
Але што ў атмасферы татальнага тэрору і страху ўзяць на ўзбраенне? Як паменшыць сваю віну, калі турма вакол нас ужо збудаваная і ўмацаваная, і бурыць сваімі рукамі яе сцены мы не гатовыя? Пра гэта кажа іншы аўтар, які ў часы лекцый Ясперса пра нямецкую вінаватасць знаходзіўся за сценамі ГУЛАГа, — Аляксандр Салжаніцын. У сваім эсэ «Жыць не па хлусні» ён прапануе ўзяць на ўзбраенне такі метад:
«Гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусні, а хлусня можа трымацца толькі гвалтам. І не кожны дзень, не на кожнае плячо кладзе гвалт сваю цяжкую лапу: ён патрабуе ад нас толькі пакоры хлусні, штодзённага ўдзелу ў хлусні — і ў гэтым уся вернападданасць.
І тут вось ляжыць самы просты, самы даступны ключ да нашага вызвалення, якім мы грэбуем: асабісты няўдзел у хлусні! Няхай хлусня ўсё накрыла, няхай хлусня пануе над усім, але ў самым малым упромся — няхай кіруе не праз мяне! І гэта — прарэз ва ўяўным коле нашай бяздзейнасці! — самы лёгкі для нас і самы разбуральны для хлусні. Бо калі людзі адштурхоўваюць ад сябе хлусню — яна проста перастае існаваць».
Андрэй Скурко: Cтаранна захоўваючы дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці