Меркаванні

Андрэй Скурко: Cтаранна захоўваючы дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці

«Даўно не дзялілася Андрэевымі цытатамі. Падзялюся, як і аптымістычным Будзь-Здаровам, якога намалявала для Андрэя мастачка Ганна Зайцава. Зіма канчаецца», — піша ў фэйсбуку жонка палітвязня-нашаніўца Андрэя Скурко Паўліна.

…Дні праходзяць то скарэй, то павольней — але праходзяць. Во ўжо і 2022-ы аддаляецца. Для мяне ён таксама скора праляцеў — засталося хіба некалькі ключавых сюжэтаў у памяці. Галоўны, канечне, — спатканні з Табой і бацькамі — у Мінску, пасля суда, потым ваш нечаканы прыезд у Магілёў. Ужо забываецца памалу, як гэта — месяцамі не бачыць родных людзей. Цяпер мы на крок бліжэй. А будзем скора, дасць Бог, і зусім разам.

…На Новы год было, як і летась у Мінску, адчуванне, што аднойчы ўсё гэта застанецца за спінаю, ва ўспамінах — і пейзажы, і людзі, і абставіны. Я, калі гадзіннік біў 12, у думках усіх вас павіншаваў, загадаў жаданне. Святкавалі ўвогуле з пэўным каларытам, ёсць што прыгадаць, незвычайна было. Святы тут успрымаюцца па-іншаму. Маё свята — гэта вы, вашы лісты, фоткі, размовы, думкі пра вас і кожны пражыты дзень, які набліжае нашу сустрэчу.

…Сказалі, што памёр Кікабідзэ. Было яму 84, але мысліў ён, здаецца, вельмі адэкватна. Пад уплывам яго фільму «Міміно» я ў дзяцінстве хацеў быць верталётчыкам. Там вельмі душэўна паказана, як у тых грузінскіх гарах верталёт замест раённага аўтобуса — на ім з вёскі ў вёску едуць людзі з курамі ў кошыках і г. д. Увогуле, фільм, здаецца, пра тое, як чалавек у выніку складанага жыццёвага выбару вырашае — ці не вырашае, а проста застаецца сабой.

…Ты разважала неяк пра сум. Я прыняў для сябе, што адзіная даступная мне цяпер праява любові — думаць пра вас, пісаць. Астатняе — будзе, трэба толькі дачакацца. Таму на ўсім недаступным зараз стараюся не засяроджваць увагу.

…Пішаш пра мемуары прынца Гары — я пра іх таксама чуў па тэлевізары. Уразіла, наколькі ён (фота на вокладцы) падобны да Генрыха VIII. Толькі Генрых, у адпаведнасці з модай эпохі, быў таўсцейшы істотна. Прычым яны ж, здаецца, не сваякі, належаць да розных дынастый. У саміх мемуарах, мяркуючы па тым, што ты пішаш і што кажуць, нічога звышнатуральнага няма. Вось калі б Генрых VIII напісаў…

…У Ірвіна Ялома злавіў ідэю, што, спрабуючы старанна захоўваць дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці. Маўляў, вяртаючыся ў «старыя месцы», ён нібыта трапляе ў маленства з яго адсутнасцю трывогі і адчуваннем вечнасці наперадзе. Сапраўды, успамінаюцца прыклады, калі людзі спрабуюць схавацца ад дарослых праблем ва ўспамінах дзяцінства.

…Пра Чукоўскага неяк думаў: у кожнай сям’і ёсць свая фразеалогія, ідыяматыка (нават міфалогія). Ён, адчуваецца, вельмі многа прыдуманага разам з дачкой пераносіў у творы. Імёны цацак, гульнявыя сітуацыі, цэлыя сюжэты, татошы і какошы ўсякія.

…Злавіў сябе на тым, што пачаў з вялікай цікавасцю чытаць прадмовы і пасляслоўі да кніг, і яны часам выяўляюцца цікавейшымі за самі кнігі. Вельмі не стае нашых кухонных абмеркаванняў (дамашні кніжны клуб), а таксама сядзення-ляжання сумеснага з кніжкамі. Але ўсё будзе.

…Успомніў яшчэ харошае слова «днушка» — у нас так называюць дошачку, на якой рэжуць хлеб ці сала на кухні. А калі кідаеш у ваду каменьчык, каб ён некалькі разоў падскочыў на паверхні, гэта называецца «пускаць жабак».

…Як жа хочацца далучыцца да вашых гульняў, мае харошыя. Веру, што скора так і будзе — калі б тое «скора» ні было. Сапраўды, назбіранае намі за гады цяпло грэе нас, мы жывём шчасцем быць адно ў аднаго.

Вітанне і падзяка суседзям і сябрам, часта думаю пра іх.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Ніякай вайны з Еўропай Пуцін не плануе. Калі б планаваў — я б дакладна ведаў13

Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне4

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 485

Беларускі фермер паказаў, як трымерам рыхтуе клубніцы да сезону — мільёны праглядаў

У AirPods плануюць дадаць сінхронны пераклад размовы

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда32

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

Чалы аналізуе задачы, якія Лукашэнка паставіў новаму ўраду3

Украінская паліцыя затрымала чалавека, якога падазраюць у забойстве актывіста Дзям'яна Ганула4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць