Асуджаны актывіст «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль спыніў галадоўку, якую трымаў 51 дзень

Галадоўкай, якую абвясціў 31 снежня, Аляксандр Капшуль дамагаўся ад адміністрацыі следчага ізалятара Гомеля выканання ўсіх нормаў і правілаў утрымання зняволеных. 

27.02.2023 / 17:00

Аляксандр Капшуль у Гомельскім абласным судзе. Фота: «Гомельская праўда»

Як кажуць у «Рабочым руху», Аляксандр спыніў галадоўку 20 лютага. Стан яго здароўя здавальняючы, але мужчына дужа схуднеў. Больш інфармацыі пра зняволенага актывіста няма.

17 лютага Гомельскі абласны суд прызначыў Аляксандру Капшулю 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», «стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні», а таксама ў «незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі».

Сваёй віны Аляксандр не прызнаў і збіраўся абскарджваць вырак.

Фігуранты справы «Рабочага руху»

Былога юрысконсульта наваполацкага «Нафтана» Аляксандра Капшуля асудзілі па справе «Рабочага руху».

Яе фігурантамі, акрамя Аляксандра, былі 9 работнікаў вялікіх прадпрыемстваў: «Нафтана», «Гродна Азота», БМЗ, «Атланта», Беларускай чыгункі. Усіх адправілі ў калонію за «здраду дзяржаве», «стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

На 15 гадоў пакаралі Уладзіміра Жураўку.

14 гадоў прысудзілі Сяргею Шэлесту, Андрэю Пагерылу, Аляксандру Гашнікаву.

На 12 гадоў у няволю адправілі Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Цераневіча, Сяргея Шамецьку.

На 11 гадоў асудзілі Ганну Аблаб. 

У справе было 38 тамоў, у тым ліку сакрэтны. Суд доўжыўся тры месяцы з 9 лістапада, большая частка працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. Абвінавачаныя адмовіліся даваць паказанні. 

«Рабочы рух» — аб’яднанне рабочых, якія былі не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне, і гатовы былі адкрыта адстойваць сваю пазіцыю.

Выскачыў на хаду з вагона і зламаў нагу, спрабуючы пазбегнуць затрымання. Гісторыя супрацоўніка «Нафтана», якога судзяць за «здраду дзяржаве»

Усе фігуранты справы «Рабочага руху» сваю віну ў здрадзе дзяржаве не прызналі

«Зразумеў, што затрымаюць і выкінуўся з цягніка». Дзесяцярых беларусаў будуць судзіць за «здраду дзяржаве» — падрабязнасці справы «Рабочага руху»

Nashaniva.com