Ева Грын і Венсан Касель ззяюць у новым серыяле пра спецагентаў
Магчыма, вы забудзеце гэты серыял вельмі хутка, але акцёрская гульня, эфектныя кадры ўрбаністычных пейзажаў і замах сцэнарыстаў на асвятленне сучасных праблем могуць захапіць вашу ўвагу.
15.04.2023 / 09:37
Фота: Apple TV+
Liaison («Сувязь») — двухмоўны французска-брытанскі серыял пра спецагентаў, якія шукаюць кіберзлачынцаў. Ён спалучае экшн і непрадказальны сюжэт, у якім шпіянаж і палітычныя інтрыгі разгортваюцца паралельна з любоўнай гісторыяй. У тыповым для шпіёнскага серыяла стылі, сюжэт — насычаны, шматслойны і поўны такой колькасці здрады і закулісных перамоў, што часам бывае цяжка прасачыць матывы некаторых персанажаў.
Выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў і кібершпіёнскіх праграм надае серыялу сучасны выгляд, як і рашэнне закрануць складаныя адносіны Вялікабрытаніі з ЕС пасля «брэкзіту». Тым не менш, асноўная прычынай, каб паглядзець Liaison, — не гэта, а выканаўцы галоўных роляў — Ева Грын і Венсан Касель.
Гэтыя акцёры добра пасуюць для даследавання прывабнай сумесі небяспекі і рамантыкі, якую прапануе серыял. Касель — даўні шпіён Францыі, Грын — афіцыйны агент Міністэрства ўнутраных спраў Злучанага Каралеўства.
Акцёры дэманструюць добрую ігру: Касель адчужаны і дзёрзкі, Грын — сур'ёзная і вельмі стрыманая. Хімія паміж імі адчувальная, і гэта стварае выдатны пабочны сюжэт. Дадатковая складанасць рамантычнай гісторыі — у тым, што Элісан мае адносіны з іншым мужчынам, Альбертам (Дэніэл Фрэнсіс). Яны жывуць разам з яго дачкой ад папярэдніх адносін. Здаецца, ён мала што ведае пра мінулае Элісан з Габрыэлем, як і гледачы.
Фота: Apple TV+
У цэнтры ўвагі Liaison — пагроза тэрарызму Брытаніі ў выглядзе кібератак.
З першай серыі становіцца вядома, што адначасова некалькі агенцтваў шукаюць двух сірыйскіх хакераў, якія даведаліся пра запланаваныя напады на еўрапейскія краіны. Французскі ўрад даручае герою Венсана Каселя вывезці хакераў з Сірыі і даставіць у бяспечнае месца ў Францыі. Аднак усё ідзе не па плане, і ў выніку сірыйцы апынаюцца ў Лондане — туды ж за імі адпраўляецца Габрыэль і там жа жыве Элісан. Тым часам нехта ўзломвае лонданскую інфраструктуру і такім чынам блакуе дамбу, праз што Тэмза выходзіць з берагоў і затапляе горад. Пазней хакеры адключаюць навігацыю чыгункі, што прыводзіць да лабавога сутыкнення паміж грузавым і пасажырскім цягніком, поўным студэнтаў.
І брытанцы, і французы хочуць трапіць на след злачынцаў, аднак пасля «брэкзіту» яны не ў найлепшых адносінах. І тыя, і другія працуюць над тым, каб перасягнуць прадстаўнікоў іншай краіны і абараніць інтарэсы сваёй (хоць выснова, да якой падштурхоўвае серыял, — «антыбрэкзітаўская»: перад транснацыянальнымі пагрозамі Брытанія не абыдзецца без Еўропы).
Так як гэта шпіёнскі трылер, то не ўсе персанажы ў ім такія, якімі нам здаюцца, і да апошняга эпізоду вы можаце не ведаць, каму павінны давяраць галоўныя героі і ці павінны давяраць адно аднаму.
Акрамя інцыдэнтаў з хакерамі і пачуццёвай напружанасці паміж Габрыэлем і Элісан, на экране разгортваецца складаная палітычная змова з удзелам французскага ўрада і двух галоўных дарадцаў прэзідэнта — Ла Рош і Дыд'ё. Неўзабаве вы зразумееце, хто з іх сумленны, а хто працуе толькі для сябе і сваіх інтарэсаў.
Фота: Apple TV+
Крытыкі абвінавачваюць серыял у заблытанасці і адначасова прадказальнасці сюжэта, недастаткова гарачых адносінах герояў Грын і Каселя, а таксама нераскрытых характарах персанажаў другога плана. Як піша ў сваім аглядзе Клінт Уортынгтан, «уступная застаўка больш яркая, чым сам серыял: плаўны тэхна-джазавы трэк ад Plumm гучыць па-над інфрачырвонымі кадрамі, на якіх пара, што займаецца каханнем, кадры рэвалюцыі і выявы хмарачосаў у лічбавай апрацоўцы светлавымі лініямі. Усё гэта абяцае глянцавы, сучасны, сэксуальны трылер, да якога серыял набліжаецца толькі крыху».
У нечым аглядальнік мае рацыю, аднак пры гэтым Liaison нельга назваць нудным: у ім шмат інтрыг, дзеяння, палітыкі, надзённасці, прыгожых кадраў і нават рамантыкі. А ў кантэксце напружанай палітычнай сітуацыі ў свеце закранутыя тэмы зіхацяць новымі фарбамі і даюць дадатковыя нагоды для роздуму. Можа быць, вам не ўдасца адкрыць нічога новага і ўзрушальнага, але займальна прабавіць час — зможаце.
Выйшаў трэйлер фільма пра мушкецёраў з Венсанам Каселем і Евай Грын
Фільм «Тэтрыс»: як замежныя бізнэсмены куплялі правы на сусветна вядомую гульню ў савецкага інжынера
Над фільмам пра Барбі працуе Грэта Гервіг, вядомая сваімі працамі ў незалежным кіно