Аўтар знішчанай фрэскі ў Солах — беларускі класік Пётра Сергіевіч. Краязнавец знайшоў доказ гэтага
Касцёл Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Солы размалёўваў беларус Пётра Сергіевіч, піша Кастусь Шыталь.
01.03.2023 / 09:36
Ён прыгадвае, што пра гэта пісалі і раней, але не было дакументальных доказаў.
«Аж вось, знайшоўся. У Przeglądzie Wileńskim Nr. 15, 29.09.1934, выйшла нататка, падпісаная псеўданімам Przejezdny, у якой гаворыцца, што гэта быў Сергіевіч.
Przejezdny звяртае ўвагу на тое, што эндэцкая газета Dziennik Wileński, змясціўшы вялікі артыкул з урачыстасці, пералічыла імёны нават гаспадынь, якія рыхтавалі прыём гасцей на ўрачыстасці, але абышла маўчаннем імя мастака. Таксама быццам бы яго не ўзгадалі ані словам падчас прамоў у часе святкавання на плябаніі.
Аўтар выказвае меркаванне, што не згадвалі пра мастака таму, што ён беларус», — піша Шыталь.
Ён прыгадвае, што пра тое, што Пётра Сергіевіч працаваў у Солах, згадвае і Язэп Драздовіч у сваім дзённіку 02.07.1933: «Хацеў застаць аднаго з маіх калег-мастакоў — Пеценьку — ды, на жаль, не застаў. Недзе выехаў. У Солы на касцельную працу — святых маляваць».
«Вярнуўся з Солаў на два дні ў Вільню калега Пеця. Абодва мы рады, што спаткаліся: звадзіў мяне на вячэрні абед у мастацкую спулдзельню, што на Юраўскім. Там цэлая выстаўка абразоў і скульптур — ёсць там і маё, ды і я сам на двух Пецевых партрэтах. (Зайшлі ад радасці спаткання ў мастацкую спулдзельню, агледзелі выстаўку і зʼелі там абед)», — такі запіс у дзённіку 11.07.1933.
Учора стала вядома, што ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Солы замалявалі роспіс, на якім была Варшаўская бітва 1920 года.