Прапагандысты паказалі «жывы і здаровы» расійскі самалёт А-50. Але ёсць важныя нюансы

Вечарам 1 сакавіка многія прапагандысцкія рэсурсы рэжыму Лукашэнкі паказалі самалёт А-50, супраць якога 26 лютага была здзейсненая дыверсія. Быў прадэманстраваны невялікі ролік, на якім самалёт ДРЛА А-50 ВКС РФ вырульвае на аэрадроме ў Мачулішчах. Відэа суправаджаецца здзеклівымі каментарамі прапагандыстаў, што вось, маўляў, усё аказалася фэйкам. Але ва ўсім гэтым ёсць важныя нюансы, на якія звяртае ўвагу «Беларускі Гаюн».

01.03.2023 / 22:07

Прапаганда вырашыла паказаць, што з А-50 « усё ў парадку» і спецыяльна зняла відэа ў прыцемках, дзе не бачныя дэталі, на 4-ы дзень пасля інцыдэнту Прапаганда Лукашэнкі апублікавала

«Беларускі Гаюн» не аспрэчвае, што відэа знята сёння ў раёне 20.00 па Мінску, гэта, мяркуючы па ўмовах надвор'я, выглядае праўдзівым. Але пры гэтым:

1. Відэа з бортам знятае ў прыцемках на 4-ы дзень пасля інцыдэнту ў Мачулішчах. На кадрах паказана выключна руленне ДРЛА, што не з'яўляецца доказам таго, што ў самалёта не пашкоджаная круцельная антэна радарнага комплексу «Чмель» і нават таго, што самалёт можа лётаць.

2. Нам старанна паказваюць бартавыя нумары (хоць да гэтага заўсёды старанна замазвалі). Верагодна, каб падкрэсліць сваю «рацыю».

3. Усе ракурсы здымкі толькі знізу і збоку, што не дазваляе разгледзець яго зверху ў дэталях

(кажучы пра тыя месцы, якія маглі быць пашкоджаныя і на якіх раней рабіўся акцэнт тым, хто меў нейкае дачыненне да дыверсіі).

4. Параўноўваючы кадры 1 сакавіка з кадрамі 29 студзеня, відаць, што «талерка» выглядае інакш. Папярэднія драпіны не бачныя, затое відаць вялікая чорная пляма.

Вядома, што 26 лютага, акурат у дзень інцыдэнту, у Мачулішчы прыляцела брыгада рамонтнікаў з расійскага Іванава. Не выключана, што ў гэтыя дні мог праходзіць спешны першасны рамонт. А калі так, то ўсе 4 дні самалёт хутка падлатвалі і падфарбоўвалі, каб паказаць, што «з ім усё ў парадку».

Сёння самалёт, як сцвярджае «Беларускі Гаюн», нікуды не лётаў, а ў Мачулішчах з абеду і да позняга вечара праходзяць планавыя трэніровачныя палёты авіяцыі ВПС Беларусі.

Чытайце таксама:

«Байпол» расказаў, чым падрывалі самалёт у Мачулішчах і што ў ім можа быць пашкоджана

Nashaniva.com