Кіраўнік «Байпол»: «Ва ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць». Азараў пракаментаваў вылет А-50 з Мачулішчаў

«Беларускі Гаюн» паведаміў, што расійскі самалёт-лакатар вылецеў з Мачулішчаў, перасек беларуска-расейскую мяжу і накіроўваецца ў Таганрог на авіяцыйны рамонтны завод. Як сказаў «Белсату» кіраўнік «Байпол» Аляксандр Азараў, тое, што самалёт захаваў здольнасць лятаць, не даказвае спраўнасць іншага абсталявання.

02.03.2023 / 14:29

 

Скрын відэа

«Дыверсія была ўчыненая з мэтай пашкодзіць абсталяванне, а не сам самалёт, каб ён не ўзляцеў. Металічныя шарыкі ў выбухоўцы пашкодзілі абсталяванне, гэтага не будзе відаць на спадарожнікавых здымках і знятым здалёк відэа. Калі самалёт нават ляціць, гэта не даказвае, што абсталяванне цэлае. Крылы не былі пашкоджаныя», — сказаў Аляксандр Азараў у каментарыі «Белсату».

Азараў таксама распавёў пра інфармацыю ад крыніц у Беларусі, якія сцвярджаюць, што ў міністэрстве ўнутраных справаў «толькі пра дыверсію і гавораць».

«Мы звязваліся з супрацоўнікамі, якія яшчэ працуюць у сістэме.

У ва ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць, пацвярджаюць, што акцыя была, што шукаюць тых, хто гэта здзейсніў. Была знойдзеная торба, дзе былі акуляры, два пульты ад двух дронаў і запчасткі ад гэтых дронаў. Па ўсёй Беларусі шукаюць аператара ці аператараў дронаў».

Напярэдадні дзяржаўныя крыніцы распаўсюдзілі відэа з самалётам, які рухаўся па аэрадроме. Сцвярджалася, што гэта той самы А-50, які атакавалі партызаны, што з ім усё ў парадку, а ўся інфармацыя пра дыверсію — фэйк.

Nashaniva.com