Пашынян заявіў, што яго трывожыць «сыход АДКБ з Арменіі»

Прэмʼер-міністр Нікол Пашынян лічыць, што АДКБ сыходзіць з Арменіі. Аб гэтым ён заявіў на сённяшняй прэс-канферэнцыі, піша reform.by.

14.03.2023 / 13:02

Скрын відэа

«Калі генеральны сакратар АДКБ наведаў Арменію ў 2020 годзе, ён мне ў гутарцы сказаў, што ў АДКБ ёсць боязь, што Рэспубліка Арменія выйдзе з АДКБ. Я сказаў генсеку, што заклапочанасць недарэчная. Дарэчы іншае — заклапочанасць наконт таго, што АДКБ сама сыдзе з Арменіі. І па маёй ацэнцы, АДКБ, жадаючы таго ці не, выходзіць з Арменіі, і гэта непакоіць нас», — сказаў Пашынян.

Нядаўна Арменія апавясціла АДКБ, што адмаўляецца ад сваёй квоты на пасаду намесніка генеральнага сакратара арганізацыі. Пашынян сёння растлумачыў, што краіна гатова накіраваць свайго прадстаўніка, калі будзе ўпэўнена, што гэта ўмацуе яе бяспеку.

«Мы даўно і паслядоўна працавалі з АДКБ і працягваем працаваць. Мы прапанавалі свае прынцыпы, якія тычацца не Рэспублікі Арменія, а таго, дзейнічае АДКБ ці не, існуе яна ці не, прынамсі, на тэрыторыі Рэспублікі Арменія. Мы гатовы вырашыць гэтую праблему», — дадаў ён.

Прэмʼер-міністр Арменіі таксама папярэдзіў, што зараз высокая верагоднасць эскалацыі на мяжы з Азербайджанам, а таксама ў Нагорным Карабаху. Адказнасць за яе ён усклаў на Баку.

«Мая выснова звязана з усё больш агрэсіўнай рыторыкай Азербайджана і, вядома, ёсць некаторыя іншыя звесткі», — дадаў ён.

Пашынян адзначыў пэўную дынаміку па мірным дагаворы з Азербайджанам, але, на яго думку, фундаментальныя праблемы з праектам застаюцца. Прэмʼер-міністр Арменіі заявіў, што Азербайджан спрабуе сфармуляваць тэрытарыяльныя прэтэнўіі ў дачыненні да яго краіны, а таксама дэ-фактаў атрымаць санкцыю на этнічныя чысткі ў Нагорным Карабаху.

Чытайце таксама:

Пашынян абвінаваціў расійскіх міратворцаў у бяздзейнасці 

Пашынян адмовіўся падпісваць ключавыя дакументы па выніках саміту АДКБ

Лукашэнка на саміце АДКБ накрычаў на Пашыняна: Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдвух, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць

Nashaniva.com