Пасля перасячэння беларускай мяжы машыны з Еўропы «губляюць» дзясяткі тысяч кіламетраў. Як прадаўцы падманваюць з прабегам аўто
Частка машын прадаецца са змененымі паказчыкамі прабегу. Як паказвае практыка, некаторыя з іх пасля трапляння ў Беларусь губляюць сотні тысяч кіламетраў прабегу.
17.03.2023 / 10:07
Скручваюць прабег у 2—3 разы
Пра тое, што ў Беларусі прадаецца нямала аўтамабіляў са скручаным прабегам, ведае ледзь не кожны аўтааматар, аднак не ўсе ўяўляюць, што рэальны прабег можа быць нават у некалькі разоў большы, чым у аб'яве і на панэлі прыбораў.
Скрыншот сайта av.by
Так, напрыклад, у Мінску выстаўлена на продаж Honda HR-V 2019 года выпуску. Апісанне аўтамабіля пачынаецца са слоў: «Выдатны стан, без прабегу па РБ». Машыну прадаюць з заяўленым прабегам 72 170 км.
Скрыншот сайта vf.vin
У той жа час на момант продажу ў снежні 2022 года праз аўкцыён у Нідэрландах прабег гэтай Honda складаў 154 791 км. Выглядае, што пры скрутцы нехта вырашыў доўга не думаць і проста падзяліў рэальны прабег на два.
У Гродне прадаецца Alfa Romeo Stelvio 2018 года выпуску з заяўленым прабегам 67 тысяч кіламетраў. Праверка аўтамабіля па VIN-нумары паказвае, што мінулым летам гэты красовер быў прададзены ў Польшчы праз аўкцыён.
Скрыншот сайта av.by
На момант продажу ў Польшчы прабег аўтамабіля складаў 196 582 кіламеры. То-бок дзевяць месяцаў таму ён быў у тры разы большы, чым цяпер.
Скрыншот сайта vf.vin
Пра тое, што гэта той самы аўтамабіль, сведчыць не толькі нумар кузава, пазначаны ў аб'яве на сайце, але і шэраг ускосных паказчыкаў, напрыклад, абавязковая для Польшчы налепка на лабавым шкле, якая дублюе рэгістрацыйны нумар аўтамабіля, і рамка пад нумарам.
Скрыншот сайта vf.vin
Але далёка не ўсе аматары «амаладзіць» машыну робяць гэта так дзёрзка. Напрыклад, VW Arteon, які прадаюць у Брэсце, па дарозе з Бельгіі ў Беларусь згубіў усяго каля 50 тысяч кіламетраў.
На момант продажу ў Бельгіі восенню мінулага года гэты VW меў прабег 196 582 км. Цяпер яго прадаюць з заяўленым прабегам 153 187 кіламетраў.
Скрыншот сайта vf.vin
Скрыншот сайта av.by
Рамкі пад нумарамі, як і ў выпадку з чырвонай Alfa Romeo, засталіся тыя, што стаялі падчас продажу ў ЕС.
Фота: скрыншот з сайта vf.vin
Які маштаб падману?
Мы праверылі VIN-нумары 30 аўтамабіляў. Тры з іх мелі змененыя паказчыкі прабегу. Яшчэ ў двух выпадках высветлілася, што ўказаны ў аб'яве нумар кузава належыць іншаму аўтамабілю аналагічнай маркі і мадэлі. Гэта таксама мусіць насцярожыць патэнцыйнага купца, бо дасведчаныя прадаўцы аўто ведаюць, што па VIN-нумары машыны можна атрымаць шмат інфармацыі пра яе.
Як бясплатна праверыць аўто?
Калі гаворка ідзе пра аўтамабілі з Еўропы ці ЗША, то першае, што вам трэба зрабіць — увесці нумар кузава ў пошукавік. Такі просты спосаб можа вывесці вас на адмысловыя сайты, дзе захоўваецца інфармацыя аб прададзеных праз аўкцыёны аўто. Але часам такі спосаб дае збой, таму не лішнім будзе асобна націснуць яшчэ і на графу «відарысы».
Таксама аўкцыённыя аўто з Еўропы можна праверыць на сайтах vf.vin або vinfax.site. А для аўто са Штатаў лепей пасуе bidfax.info.
Чытайце таксама:
Нават «карчы» падаражэлі на 20-30%. Як па назіраннях прадаўцоў змяніліся цэны на старыя аўтамабілі
Летась фізасобы імпартавалі ў 2,4 раза больш машын, чым год таму. Якія аўто часцей везлі з Еўропы і ЗША?
З Літвы ў Беларусь вывозяць рэкордную колькасць аўто. Але ў нашай краіне яны не затрымліваюцца