Сетка «Суседзі» пачала прадаваць літоўскія шакоцісы

У крамах гандлёвай сеткі «Суседзі» пачалі прадаваць знакамітыя прысмакі «Шакоціс», занесеныя ў нацыянальны фонд літоўскай кухні. Гэты распаўсюджаны ў Літве, але не надта вядомы ў Беларусі торт заўважылі «Магілёў.Media» ў адной з магілёўскіх крам сеткі.

14.03.2023 / 19:25

Мучная слодыч «Шакоціс» у сетцы крам «Суседзі» прадаецца, праўда, не цалкам, а ў якасці набору з шасці-сямі кавалачкаў торта, спакаваных у аднаразовыя пластыкавыя кантэйнеры. Пры гэтым яны не завозяцца з Літвы, а выпякаюцца ва ўласных пякарнях гандлёвай сеткі. У літоўскіх крамах шакоцісы звычайна прадаюцца не кавалачкамі, а цалкам.

Шакоціс — традыцыйны літоўскі торт незвычайнай формы з яечнага цеста, выпечаны на адкрытым агні. У перакладзе з літоўскага «шакоціс» азначае «галіністы», бо мучная слодыч нагадвае дрэва. Незвычайны прысмак нават занесены ў Літоўскі нацыянальны фонд кулінарнай спадчыны. 

Дарэчы, аналагічная кулінарная традыцыя, хоць шырока ў нас і не распаўсюджаная, усё ж была зафіксаваная беларускімі этнографамі і ў заходнебеларускім Поразаве. Так такі торт называюць банкухай, і ён таксама прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Чытайце таксама:

Літоўскія кухары адраджаюць нацыянальныя стравы

Гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі прызналі пірог «банкуха» з Поразава. Што гэта такое?

Nashaniva.com