Як пазбегнуць мазалёў у паходзе? І як выдаліць з-пад мазаля вадкасць, не праколваючы яго?
Сабралі карысныя парады, як не дапусціць узнікнення мазаля і што рабіць, калі мазоль прарваўся.
26.03.2023 / 12:08
Ад чаго ўзнікае мазоль на назе
Наша скура складаецца з трох слаёў: эпідэрмісу (верхні), дэрмы і тлушчу.
Калі мы ходзім без шкарпэтак у скураным абутку, то эпідэрміс з кожным крокам прыліпае да скуры нашага абутку. Пры гэтым дэрма застаецца на месцы.
Такім чынам, наша ўяўленне пра тое, што абутак нам націрае мазоль, няправільнае. На самай справе, абутак хапаецца за эпідэрміс і з кожным крокам рухае яго то ўверх, то ўніз. Такім чынам эпідэрміс патрохі аддзіраецца ад дэрмы. Дробныя злучэнні тканак разбураюцца.
Першай прыкметай зараджэння мазаля з'яўляецца лёгкае адчуванне пякучасці падчас хадзьбы. Калі на гэтым этапе не зрабіць ніякіх дзеянняў, то далей у месцы разбурэння тканак патрапляе плазма з міжклеткавай прасторы. Працэс з кожным крокам паскараецца. З'яўляецца пухір, які праз некаторы час лопаецца. Калі працягваць хадзьбу, то пачынае разбурацца дэрма.
Падобным чынам адбываецца, калі мы абуваем няякасныя шкарпэткі. Унутры шкарпэткі (паміж ёю і эпідэрмісам) павінна быць добрае слізганне. Пры гэтым шкарпэтка ніякім чынам не павінна чапляцца за эпідэрміс.
Ні ў якім разе нельга праколваць мазоль. Эпідэрміс — ідэальны пластыр. Ён абараняе дэрму. Пакуль цэлы эпідэрміс, ніякі мікроб не патрапіць унутр.
Як выдаліць з-пад эпідэрмісу вадкасць
У гэтым дапаможа спіртавы кампрэс. Звяртаем увагу на тое, што спірт павінен быць высокай канцэнтрацыі (ад 85%).
Чаму выкарыстоўваецца спірт? Спецыялісты ведаюць: калі прыкласці да месца назапашвання вадкасці пад эпідэрмісам, які адпластаваўся, нейкі канцэнтраваны сродак, то вадкасць выйдзе на паверхню. Акрамя гэтага, спірт заб'е мікробы, прадухіліць нагнаенне, абязболіць (прыкладна на 10 хвілін) і абястлусціць скуру. Калі пухір апусцее (на гэта спатрэбіцца ад дзвюх гадзін), то зверху накладваецца пластыр. Калі ж пад пластырам пузыр зноў утворыцца, то спіртавы кампрэс накладваецца паверх пластыру. Калі ён адклеіцца з-за спірту, то неабходна наклеіць новы.
Спіртавы кампрэс дапаможа і ў выпадку, калі мазоль парваўся. Ён забяспечыць выхад той вадкасці, што засталася, і разрывы эпідэрмісу прыліпнуць да дэрмы. Мазоль перастане павялічвацца. Калі нейкія абрывы эпідэрмісу перашкаджаюць накласці пластыр, то іх можна зрэзаць.
Зусім іншая справа, калі пузыр парваўся і рана пачала кроватачыць. У такім выпадку трэба абястлусціць і вывесці лішнюю вадкасць са скуры вакол. Неабходна зрабіць так, каб з раны не выцякала плазма, лімфа, сываратка крыві. Яны перашкаджаюць прыклеіцца пластыру.
Які пластыр выкарыстоўваць
Пластыр неабходна выкарыстоўваць доўгі і шырокі. Пры гэтым ён павінен быць дастаткова тонкім, каб лепш перадаваў форму нагі, і з матэрыялу, які прапускае ваду, каб выходзіла плазма. Акрамя гэтага, тонкі пластыр не перашкодзіць слізганню нагі ў шкарпэтцы. Для таго, каб шкарпэтка лепш забяспечвала слізганне, яе трэба мыць з кандыцыянерам, бо ён утрымлівае сілікон. Можна шкарпэткі намачыць кандыцыянерам і высушыць. Варта ўзяць трохі кандыцыянеру з сабою ў паход.
Важна звяртаць увагу на ліпкасць пластыру, ён у паходзе павінен доўга трымацца. Па гэтых прычынах лепш за ўсё падыходзіць пластыр у рулоне на тканай аснове.
Як правільна накласці пластыр
Спачатку абястлушчваем скуру спіртам і даём ёй высахнуць. Для таго, каб выйшла ўся вільгаць, лепш за ўсё падыходзіць бензін (напрыклад, для запальнічак ці гарэлак). Затым з дапамогай асістэнта ад рулона папярэдне нагрэтага пластыру адразаем кавалак з запасам. Для пяткі запас павінен заходзіць за косткі шчыкалатак з абодвух бакоў.
У чатыры рукі распраўляем і накладваем пластыр ад цэнтра мазаля на пятку, якую па магчымасці трэба заклеіць поўнасцю. Для гэтага пасля прыклейкі першага куска, адразаецца і наклейваецца па версе на 2/3 другі. На мужчынскую пятку сыходзіць чатыры кавалкі шырынёй 5 см. Верхні слой павінен быць на адным узроўні з косткамі шчыкалаткі.
Наклейваць пластыр трэба вельмі акуратна, пастаянна яго разгладжваць, дабівацца шчыльнага прыклейвання. Пры насоўванні на нагу шкарпэткі трэба імкнуцца не зачапіць і не ададраць краі пластыру.
У далейшым неабходна прытрымлівацца наступных правіл:
не мыць ногі да канца паходу і імкнуцца не мачыць пластыр;
абразаць краі пластыру, як толькі яны задраліся;
своечасова сушыць ногі ад поту і мяняць шкарпэткі хаця б раз на дзень;
калі неабходна, замацоўваць пластыр новымі слаямі з захопам новых частак скуры, якія папярэдне абястлусціць;
шкарпэткі неабходна здымаць асцярожна, каб не задраліся краі пластыру;
калі давялося зняць пластыр цалкам, то новы накладваецца па той жа праграме.
Асноўная задача — дазволіць мазалю зажыць пад пластырам ці данесці яго такім чынам да доктара.
Калі бачна, што мазоль стаў нагнойвацца, то зверху на яго накладваецца на кароткі час спіртавы кампрэс, каб забраць вадкасць праз пластыр. Ці можна выкарыстаць гіпертанічны раствор кухоннай солі (ад 10%).
Зажыўленне мазаля (а на гэта звычайна патрэбны тыдзень) павінна адбывацца пад пластырам. І гэты пластыр лепш не чапаць.
З правільна накладзеным пластырам можна працягнуць паход у тым жа абутку.
Што рабіць, калі няма пластыру
Самы просты спосаб — на нагу надзець пакет, на пакет у раёне пяткі накапаць рыцынавага алею, зверху надзець другі пакет ці некалькі. Затым нацягваецца шкарпэтка.
Перад надзяваннем пакета таксама накладваецца кампрэс. Аднак ён будзе менш эфектыўным. Калі няма з сабой спірту, то выкарыстоўваецца гіпертанічны раствор кухоннай солі.
Калі няма пакета, то нага змазваецца рыцынай (яна мае выдатны водаадбіўчы эфект. Ёю мажуць ногі і рукі падчас водных паходаў). І выкарыстоўваецца капронавая шкарпэтка. Яе нацягваюць паверх шкарпэткі.
Калі няма ні пакетаў, ні капронавай шкарпэткі, то нага змазваецца рыцынай кожныя паўгадзіны-гадзіну.
І самы крайні варыянт: да нагі прымацоўваюцца вусцілкі, паверх якіх нацягваюцца шкарпэткі. Зверху можна ўсё замацаваць скотчам. Нага застаецца без абутку.
Што рабіць з мазалём пасля паходу
Пайсці да доктара ў двух выпадках:
калі мазоль нагнаіўся і выклікае боль у спакоі;
калі мазоль высах і стварылася трэшчына, якая краваточыць.
Калі няма такой магчымасці — 2 разы на дзень рабіць ванначкі з гіпертанічным растворам солі.
Калі няма абедзвюх магчымасцей, то не нагружаць абуткам мазоль і даць яму свабодна загаіцца ці пад пластырам, ці пад сухой марлевай павязкай.
Як прадухіліць з'яўленне мазалёў
Наклеіць пластыр на ўсе зоны рызыкі да выхаду ў паход. Ідэальны варыянт — зрабіць гэта вечарам перад паходам і легчы спаць у шкарпэтках.
На маршруце неабходна перад любым абуваннем высушваць ногі (пластыр).
Не забывацца рабіць шкарпэткі слізкімі (выкарыстоўваць сілікон у якасці лубрыканту).
Кантраляваць цэласнасць пластыру і абслугоўваць яго.
Калі на нагах няма пластыру
У гэтым выпадку неабходна ўважліва сачыць за станам ног. Пасля пераходу ручаёў і рэк, забалочаных месцаў ногі трэба не толькі высушваць, але і абтрасаць, не эканоміць на гэта часу. Пры неабходнасці для паскарэння высушвання ногі можна працерці спіртам.
Рэгулярна мяняць шкарпэткі. Калі няма магчымасці іх мыцця ў празрыстай вадзе, то лепш проста высушыць і вытрасці ад пяску і солі.
Штодзённа мыць ногі, каб змыць соль.
Якія шкарпэткі надзець
Для паходу неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя трэкінгавыя шкарпэткі. Калі іх няма, то звычайныя шкарпэткі трэба надзець швамі вонкі.
Ні ў якім разе не насіць махровыя, чыста ваўняныя і чыста баваўняныя.
Неспецыялізаваныя шкарпэткі надзяваць па дзве пары, выбіраючы пры гэтым максімальна тонкія. Ні ў якім разе першымі не надзяваць капронавыя шкарпэткі.
Які абутак выбраць
Выбіраць для паходу спецыяльны абутак. Калі такога няма, то папярэдне разношаны. У ім можна абклеіць унутраную частку пяткі пластырам.
Што неабходна ўзяць з сабой перад паходам
Самы тонкі пластыр 5 м/5 см на баваўнянай аснове.
Спірт 95%, харчовы ці касметычны (100 мл).
Бензін «Калоша» (10 мл).
Рыцынавы алей (50 мл).
Поліэтыленавыя тонкія пакеты (ад 4-х штук).
Дзве пары самых тонкіх капронавых гольфаў (эластан).
10 мл кандыцыянеру для бялізны.
Манікюрныя нажніцы.
Ватныя дыскі ці сурвэткі.
Запасны абутак (лепш за ўсё галошы).
Кухонную соль.
Чытайце яшчэ:
Нашто парыць ногі ў воцаце? Просты сродак ад праблем, пра якія не прынята гаварыць
Замачыце ногі ў перакісе вадароду — і вы пазбавіцеся надакучлівай праблемы