З чым звязаны рэжым маўчання пра стральбу ў Гродне?
Прапаганда не паведамляе ніякіх дэталяў аб здарэнні ў Гродне, дзе ў нядзелю спецслужбісты, нібыта, забілі чалавека. У панядзелак Аляксандр Лукашэнка выклікаў да сябе свайго сына — «адказнага» за «Альфу». Поўнай карціны здарэння няма, але аб нечым мы можам меркаваць па абрыўках інфармацыі.
21.03.2023 / 08:28
Гродзенскм дом, у якім застрэлілі іншаземца
БелТА на наступны дзень пасля страляніны ў Гродне дэманструе размераную і спакойную карціну дня: «актывізацыя кантактаў з Калмыкіяй», «строгі кантроль сітуацыі на спажывецкім рынку».
Гэта даволі нехарактэрна для сітуацыі форсмажору, пра які на тым жа рэсурсе трубілі ўчора: «У Гродне падчас аказання ўзброенага супраціву спецпадраздзяленню КДБ забіты замежны грамадзянін».
Цэлая спецаперацыя органаў дзяржбяспекі, чые байцы нібыта прарываліся скрозь выбухі гранат і выкручваліся ад стралковай зброі. У Беларусі і пры куды меншых «геройствах» сілавікоў палосы дзяржаўнай прэсы поўныя падрабязнасцяў. А тут — цішыня…
У той жа момант Лукашэнка выклікаў да сябе сына.
Віктар Лукашэнка са стосам тэчак перад хмурым бацькам
«Калі ён на наступны дзень выклікаў да сябе сына, які з'яўляецца кіраўніком міжведамаснай Рады спецыяльных падраздзяленняў, то гэта, як па мне, сведчыць пра яго жаданне атрымаць аб'ектыўную інфармацыю і ацэнку дзеянняў альфаўцаў не толькі са словаў Церцеля», — сказаў адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы» з вялікім досведам працы ў сілавым блоку.
Віктар Лукашэнка доўгі час быў памочнікам бацькі па нацыянальнай бяспецы. З гэтай пасады ён сышоў у лютым 2021-га.
«Стала кантактую з альфаўцамі, вырашаю з імі актуальныя задачы на сустрэчах міжведамаснай Рады спецыяльных падраздзяленняў», — казаў Віктар Лукашэнка ў адным з рэдкіх інтэрв'ю да 30-годдзя «Альфы».
На БелТА ўчарашняя сустрэча была пададзена як сустрэча Лукашэнкі-старэйшага са старшынёй Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Паднятыя пытанні выглядаюць шараговымі: «узаемадзенне грамадскіх арганізацый з НАК» і падобнае.
Гэта сапраўды дазваляе лічыць, што тэмай сустрэчы былі нейкія іншыя пытанні.
Што, напрыклад?
Па неправеранай інфармацыі «Нашай Нівы», якую мы атрымалі з адной крыніцы, у Гродне «Альфа» забіла грамадзяніна адной з дзяржаў Еўрасаюза.
Дыпламат гэтай краіны атрымаў запыт нашага выдання аб імаверным факце гібелі іх грамадзяніна, але, прачытаўшы, пакінуў яго без адказу.
Інфармацыя, што гэты грамадзянін нібыта адбіваўся ад КДБ гранатамі, нашымі суразмоўцамі ставіцца пад сумнеў.
Дэталяў здарэння мы пакуль дакладна не ведаем.
Таксама нам вядома, што яшчэ ў нядзелю спецыялістаў па выбуховай справе, а таксама аператыўнікаў шэрагу спецыяльных ведамстваў выклікалі ў Гродна з выхадных і нават бальнічных.
Таксама нічога невядома пра страты з боку КДБ.
Чытайце таксама:
За суткі амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі пра страляніну ў Гродне