Лукашэнка: З боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, рыхтаваліся тэракты ў дачыненні да грамадзян і службовых асоб

Лукашэнка ў чарговы раз сабраў нараду з сілавікамі. Тэма нарады, паводле яго, — нацыянальная бяспека і сітуацыя ў сілавым блоку. Насамрэч, усе чакалі інфармацыі пра тое, што, па афіцыйнай версіі, адбылося ў Гродне

21.03.2023 / 10:54

Паводле Лукашэнкі, у Гродне «спецслужбы спрацавалі бліскуча».

«Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, якія прызначаліся для «гучных» тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. За што малайцы нашы хлопцы — пры такой вострай сітуацыі, калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, не загінуў ні адзін супрацоўнік групы «Альфа». Добрая аперацыя, добрая праца».

«Пул першага» напісаў, што Лукашэнка на нарадзе распавёў пра «затрыманне тэрарыста ў Гродне». Паводле вядомай афіцыйнай інфармацыі, іншаземец быў застрэлены, пра затрыманні не паведамлялася. 

Асобу забітага дагэтуль не раскрылі. Як і тое, грамадзянінам якой краіны ён з'яўляўся і якія тэракты планаваў.

На нараду былі запрошаныя прадстаўнікі органаў пракуратуры, Камітэта дзяржкантролю, Следчага камітэта, КДБ, МУС, Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, судоў, кіраўнікі рэгіёнаў.

Nashaniva.com