Польшча будзе патрабаваць увядзення для Беларусі санкцый, аналагічных расійскім — польскі міністр

Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, павінны быць роўныя санкцыям, уведзеным супраць Расіі, заявіў польскі міністр Еўрасаюза Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк, які суправаджаў прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага на саміце Еўрапейскай рады ў Бруселі.

24.03.2023 / 23:57

Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк

Палітык заявіў журналістам, што падчас сустрэчы Польшча збіралася ставіць пытанне пра ўзмацненне санкцый супраць Расіі і што яны павінны быць уведзеныя таксама ў дачыненні да Беларусі.

«Узмацненне санкцый таксама азначае ўвядзенне супраць Беларусі санкцый, падобных да тых, што былі ўведзеныя ў дачыненні да Расіі», — сказаў ён.

«Мы спадзяёмся, што гэтае рашэнне нарэшце будзе прынята, але мы разумеем, што гэта складаная задача і, верагодна, не скончыцца на гэтай сустрэчы Еўрапейскай рады», — падкрэсліў Шынкоўскі вэль Сэнк.

Урад Польшчы ўжо накіраваў у ЕС запыт аб увядзенні санкцый супраць Мінска ў сувязі з пераследам і прысудам апанентам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Шынкоўскі вэль Сэнк таксама заявіў, што недапушчальна, каб Расія працягвала выкарыстоўваць шчыліны ў цяперашнім рэжыме санкцый.

«Мы лічым недапушчальным тое, што санкцыі можна абысці рознымі спосабамі — хай гэта будзе экспарт аўтамабіляў, электронікі, беспілотнікаў, мэблі, таму што гэтыя санкцыі непаслядоўныя», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

«Калі Пачобута адпусцяць заўтра, то пераход у «Баброўніках» будзе адкрыты паслязаўтра», — кіраўнік МУС Польшчы

Лукашэнка заявіў, што Захад прапаноўваў яму абмяняць беларусаў, затрыманых у Польшчы за шпіянаж на карысць Расіі

Палякі баяцца, што аднаўленне прамых авіязносін паміж Тэгеранам і Мінскам робіцца для дастаўкі мігрантаў

Nashaniva.com