«Будзе прысунута да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы». Пасол Грызлоў пра ядзерную зброю
Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў выказаўся наконт размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне.
02.04.2023 / 20:54
Барыс Грызлоў. Скрыншот відэа СТБ
Пасол паўтарыў, што да 1 ліпеня будзе падрыхтавана сховішча для размяшчэння тактычнай ядзернай зброі.
«Яна будзе прысунута да заходніх межаў нашай Саюзнай дзяржавы і будзе павышаць магчымасці забеспячэння нашай бяспекі. Гэта будзе зроблена, нягледзячы на шум у Еўропе і ЗША»,
— сказаў Барыс Грызлоў у эфіры СТБ.
«Тое, што шмат шуму [у заходніх СМІ], — гэта ўжо добра. Нарэшце звяртаюць увагу, што павінен быць пэўны парытэт. Калі мы гаворым аб размяшчэнні амерыканскай ядзернай зброі ў краінах Еўропы, гэта Італія, Бельгія, Нідэрланды, Германія і Турцыя, то павінны прадпрымаць дзеянні, якія будуць павышаць бяспеку нашай Саюзнай дзяржавы. Расія і Беларусь — гэта тэрыторыя Саюзнай дзяржавы, прычым узаконеная, у адрозненне ад тэрыторыі краін, дзе ЗША размяшчаюць сваю ядзерную зброю. Для іх гэтыя краіны — проста марыянеткі, а ў нас адзіная прастора», — выказаўся Барыс Грызлоў.