Расійскі палітык: «Лукашэнка першым пабяжыць з ядзернай зброяй здавацца на Захад». Гігін кінуўся на абарону
На расійскім тэлебачанні ў жывым эфіры паскандалілі расійскі і лукашэнкаўскі эксперты. Нагодаю стала асоба Лукашэнкі.
05.04.2023 / 19:05
Вадзім Гігін і Барыс Надзеждзін падчас палемікі на перадачы «Месца сустрэчы», 27 сакавіка 2023 года. Скрыншот відэа НТБ
Дыскусія адбылася на перадачы «Месца сустрэчы» на НТБ, у якой штодня абмяркоўваюцца падзеі, звязаныя з вайной Расіі з астатнім светам. Выпуск выйшаў яшчэ 27 сакавіка, але цяпер разляцеўся па сацсетках.
Адной з тэм перадачы была заява Расіі аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі.
Экспертам з беларускага боку выступіў Вадзім Гігін. Ён запэўніваў аўдыторыю, што такі крок Расіі вельмі напужаў краіны Захаду. І што гэта рашэнне нібыта атрымала падтрымку беларускага грамадства — пацвярджэннем сваіх слоў ён прывёў змены ў Канстытуцыі, дзе прыбралі палажэнне аб бяз'ядзерным статусе.
Пра ядзерную зброю паразважаў і Барыс Надеждзін, які быў названы прэзідэнтам Інстытута рэгіянальных праектаў і заканадаўства.
У працэсе абмеркавання ён сказаў: «Гэта вар'яцтва — даваць Лукашэнку ядзерную зброю». Пазней Надзеждзін патлумачыў:
«Я трыццаць гадоў працую з гэтым вось чалавекам — Лукашэнкам. Яшчэ з часоў, калі працаваў ва ўрадзе. Лукашэнку цікавіць толькі адно — захаванне сваёй улады. Дзеля гэтага ён сфальсіфікаваў выбары, задушыў пратэст. Таварышы дарагія, я яму не тое што ядзерную зброю… Ён першы, калі тут будзе крызіс ці смута ў Расіі, ён першы пабяжыць з нашай ядзернай зброяй здавацца на Захад».
Гігін яго перабіў: «Слухайце, які «першы»? Мы ў 2022 годзе выступілі разам з Расіяй».
Аднак Надзеждзін не супакойваўся і працягваў крычаць, што Лукашэнка пабяжыць першы, кінуўшы Расію і Пуціна.
Гігін выказаў меркаванне, што першым пабяжыць Надзеждзін і што ён проста лжэ і 30 гадоў паўтарае адны і тыя ж фэйкі.
Надзеждзін адказаў: «Я нікуды не пабягу. Я тут буду. А вось Лукашэнка…»
Гігін спытаў: «Чаму тут вы будзеце, а чаму вы не на Данбасе?»
Палеміка перайшла ў агрэсіўную сутычку. Надзеждзін перайшоў на «ты». Гігін яго абазваў хамам.
Лукашэнкаўскія эксперты ў апошнія гады — нярэдкія госці расійскіх дзяржаўных шоу. Там яны часта абараняюць асобу Лукашэнкі.
Чытайце яшчэ:
Гігін выступіў за чыстку кнігарань — у дзяржаўных сетках пачалі прыбіраць цэлыя серыі кніг