«Падобна да цырку, толькі не трэба плаціць за білеты». Студэнты расказалі, як праходзяць «Зачётные разговоры» з прапагандыстамі
З пачатку лютага ўлады запусцілі асобную «выхаваўча-адукацыйную» праграму для студэнтаў — «Зачётный разговор». У ёй чыноўнікі і прапагандысты камунікуюць з навучэнцамі і расказваюць, што «насамрэч» адбываецца ў свеце. Апошнія месяцы яны актыўна наведваюць ВНУ. Студэнты, якія пабывалі на такіх сустрэчах, расказалі «Люстэрку», як гэтыя размовы праходзяць.
«У канцы разыгрывалі шмоткі з крамы «Пул первого»
У БДУ «Зачётный разговор» з праўладным ідэолагам Вадзімам Гігіным адбыўся 15 лютага. Як расказвае студэнт ВНУ Андрэй, на гэтую сустрэчу кіраўніцтва патрабавала 5−7 чалавек ад кожнай групы. Іх выбіралі самі студэнты.
— Дзеля гэтай сустрэчы нас адпусцілі за 20 хвілін да канца лекцыі, і мы прыйшлі ў спецыяльна выдзеленую «паточку» (лекцыйная аўдыторыя для ўсяго патоку. — Заўв. рэд.). Селі на свае месцы. Хвілін праз 15 прыйшоў Гігін і яшчэ пара людзей, і пачалася размова пра тое, «навошта ж мы тут усе сёння сабраліся», — расказвае Андрэй. — Яны сказалі, маўляў, «Зачётный разговор» — гэта спецыяльная дыялогавая пляцоўка, «таму што мы хочам пачуць меркаванне моладзі, чым яна жыве і якія пытанні яе цікавяць, свежы погляд у палітыцы».
— Пасля пераключыліся на тое, як жа цудоўна, што ёсць студэнты, якія ходзяць на такія мерапрыемствы, — працягвае наш суразмовец. — Бо ў 2020 годзе былі пратэсты, і тады «не знайшлося» вялікай колькасці студэнтаў, якія бралі ў іх удзел, і наогул «пратэсты былі досыць нешматлікімі і разлічанымі на вузкую праслойку насельніцтва, буржуйчыкаў». То-бок, з іх слоў, пратэст быў «вельмі сумнеўны». Здавалася б, мірны, але «не мог быць такім», таму што «ўсякія жудасныя асобы», якія цяпер з’ехалі ў Польшчу, «рыхтавалі іншых асоб, і яны мусілі зладзіць правакацыі і зрабіць з мірнага пратэсту нямірны».
Андрэй успамінае, што далей Гігін заявіў: гэтыя самыя людзі сядзяць за мяжой і «рыхтуюць тэрарыстычныя ячэйкі, збіраюць вакол сябе небяспечных крымінальных элементаў, закупляюцца зброяй і фінансуюць стварэнне баявых тэрарыстычных груп, якія павінны будуць пранікнуць на тэрыторыю Беларусі, каб зноў разгайдаць сітуацыю». Паводле прапагандыста, усім гэтым нібыта займаецца Кабінет Святланы Ціханоўскай. Але ў той жа час, успамінае Андрэй, Гігін сцвярджаў, што Кабінет займаецца «распілам заходніх грантаў».
— Толькі цікава, калі гранты распілоўваюцца, то як тады фармуюцца баявыя групы? — задае рытарычнае пытанне суразмовец. — А яшчэ сказалі, што насамрэч усе яны «хочуць зладзіць тут Майдан, як ва Украіне, толькі яшчэ горшы, яшчэ больш крывавы». І што ў выніку Майдану да ўлады прыйшоў «неанацысцкі кашмарны рэжым», які восем гадоў «толькі і рабіў, што займаўся генацыдам мірнага насельніцтва на Данбасе, спецыяльна абстрэльваў жылыя аб’екты і кварталы».
І наогул яны кепскія, таму 24 лютага 2022 года Расія «пачала спецыяльную ваенную аперацыю па дэнацыфікацыі Украіны», бо «восем гадоў народ Данбаса пакутаваў, і нарэшце яму прыйшлі на дапамогу». Расія «гераічна вызваляе» кагосьці ад украінцаў.
Яшчэ было сказана, што ва Украіне таксама ёсць «вельмі сумнеўныя» беларусы, якія знаходзяцца «ў так званым палку» імя Каліноўскага, які насамрэч «не беларускі дзеяч, а польскі». Нават зрабілі акцэнт на тым, што Каліноўскі быў палякам. І людзі ў гэтым палку, калі скончыцца вайна ва Украіне, «пойдуць у Беларусь і будуць тут ладзіць жудасную рэвалюцыю, усё ў крыві тапіць». Вось у такім ключы ўсё было.
Акрамя таго, на «Зачётном разговоре» закранулі і гісторыю. Асноўны пасыл, які спрабавалі данесці студэнтам: да акупацыі беларускіх тэрыторый Расійскай Імперыяй у канцы XVIII стагоддзя нашым продкам жылося кепска, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нам стала «вельмі добра і выдатна жыць».
— Таму што ў той жа Рэчы Паспалітай быў сапраўдны «этнацыд беларусаў», якіх «прыніжалі на ўсіх узроўнях», культура знішчалася, паланізавалася. Але потым усё стала выдатна, — пераказвае размову Андрэй.
— Гэтая размова доўжылася гадзіны чатыры. У канцы быў інтэрактыў: задавалі пытанні на гістарычную тэму, і тым, хто адказваў самы першы і правільна, выдавалі шмоткі з крамы «Пул первого», — працягвае наш суразмовец. — Разыгрывалі кепку, майку і каляндар, хлопцы і дзяўчаты прызы, здаецца, нават ацанілі. Не магу сказаць, што я моцна ўзрадаваўся б такому, але, магчыма, я не знаўца. Астатнім, каму не хапіла шмотак, да стыпендыі дадалі 20 рублёў. А пасля ўсяго гэтага можна было сфатаграфавацца з Вадзімам Францавічам.
Андрэй кажа, што яго група паставілася да таго, што адбываецца, з іроніяй, але не выключае, што хтосьці ўспрыняў аповеды пра нацыстаў сур’ёзна. Пытанні з залы, успамінае малады чалавек, былі, але яны не аспрэчвалі слоў Гігіна.
— У прынцыпе, мне спадабалася: падобна да паходу ў цырк, толькі не трэба плаціць за білеты, — жартаўліва рэзюмуе ён.
«Захад праз беларусаў «хацеў разбурыць тут усё і зрынуць Беларусь у хаос»
У БрДУ імя Пушкіна «Зачётный разговор» адбыўся 16 сакавіка, а галоўным выступоўцам быў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі. Нашая суразмоўніца, студэнтка ВНУ Лізавета, расказвае, што гэта не першая сустрэча навучэнцаў БрДУ з прадстаўнікамі ўлады. Напрыклад, у верасні 2022-га да іх прыязджаў старшы памочнік пракурора Брэста Фёдар Ляшок. Удзел у такіх мерапрыемствах, удакладняе яна, «добраахвотна-прымусовы»: ставяць перад фактам, што трэба ісці, і ўсё.
— Кожную сустрэчу актывістам раздаюць папярэдне падрыхтаваныя пытанні, рассаджваюць іх па розных канцах залы, каб стварыць ілюзію жывога дыялогу. Бяруць людзей з розных курсаў і факультэтаў, — расказвае дзяўчына. — Трэба прызнаць, што прамоўца з Луцкага нядрэнны, але, як чалавек, які думае, я так і не змагла ўспрыняць нічога з таго, што ён казаў. Гэта ўсё было падобна да нейкага цырку. Аказалася, што Захад нас ненавідзіць. А калі больш канкрэтна, то мы, беларусы, разам з Расіяй — вялікія малайцы, што адкрылі Беларускую АЭС. А вось краіны Балтыі хочуць нашай дэградацыі і за нацыю нас не лічаць, таму што гэтую АЭС хочуць закрыць. Тут нават працытую: «Вы думаеце, дарма наш прэзідэнт іх гнідамі назваў? А ён усё правільна сказаў» (Аляксандр Лукашэнка назваў «гнідай» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пасля інцыдэнту ў Мачулішчах. — Заўв. рэд.).
Не абышлося на сустрэчы і без згадак Украіны. Суразмоўніца прыводзіць словы Луцкага пра тое, што «ўкраінцы былі нам як браты, але прагнуліся пад Захад, і цяпер украінскія нацыяналісты ўсіх нас хочуць знішчыць».
— А мы «проста міру хочам» і бла-бла-бла. А яшчэ ўкраінцы (які жах!) выступаюць супраць «спецыяльнай ваеннай аперацыі» і цэлыя мінныя палі робяць. Але нічога страшнага, бо Расія «ўжо вызваляе гарады», — пераказвае Лізавета словы чыноўніка. — Потым гаворка зайшла пра тое, як лёгка замбаваць нас, маладых, і што праз сацсеткі і тэлеграм прасцей за ўсё нас «завербаваць для ўдзелу ў незаконных акцыях», як было ў 2020 годзе. І наогул Захад праз беларусаў «хацеў разбурыць тут усё і зрынуць Беларусь у хаос», таму што мы — малайцы, якія вельмі развіваюцца. Вунь «наш прэзідэнт аж у Зімбабвэ ездзіць», а Кітай — дык увогуле «найлепшы наш саюзнік і памочнік, а гэта, на секундачку, сусветная дзяржава». Яшчэ параілі нам падпісацца ў тэлеграме на праўладныя каналы, каб мы не вяліся на фэйкі. Прамая цытата: «Вось паслухайце Грышу Азаронка — добры хлопец».
Заяўленай тэмай размовы, дадае студэнтка, наогул быў «генацыд беларускага народа» ў гады Другой сусветнай вайны. Але ад гэтай тэмы адышлі, і ў выніку аўдыторыі расказвалі, як «украінцы і нашыя, беларусы, у спецатрадах спальвалі вёскі, але ўкраінцы і Захад цяпер не хочуць выдаваць гэтых ваенных злачынцаў».
— Яшчэ аказалася, што мы паспяхова абыходзім санкцыі, яны нам «не перашкода», нават з імі класна жывём. І ў канцы нам нагадалі пра артыкулы аб экстрэмізме і адпусцілі, — кажа суразмоўніца. — Усё гэта было замест параў, доўжылася каля дзвюх гадзін. На выступ Луцкага асабліва не рэагавалі, я думаю, што ў студэнтаў няма магчымасці неяк выказвацца. Затое кіраўніцтва ўніверсітэта крычала на ўсіх, хто быў у белых майках, напрыклад, бо гэта не дзелавы стыль адзення.
У канцы Лізавета расказвае: нядаўна актывістаў факультэта сабралі за круглым сталом і далі прайсці апытальнік наконт таго, ці ўсё іх задавальняе ў навучанні, ва ўніверсітэце, ва ўладзе, ці давяраюць студэнты вынікам выбараў, ці патрэбныя новаўвядзенні.
— Адказы нам прадыктавалі і сказалі не самавольнічаць, — апісвае дзяўчына працэс запаўнення анкет. — Там яшчэ было пытанне пра тое, адкуль мы бяром інфармацыю (дзяржСМІ, не дзяржСМІ і г. д.). Хтосьці згадаў, што чытае «Люстэрка». Дык яны спачатку спыталі, што гэта, а потым сказалі вылазіць, каб не было праблем.
Лукашысты пачалі папулярызаваць вагнераўскую кувалду
«Змагарыдзэ — усё!» Лукашэнкаўскія прапагандысты ў грузінскіх падзеях выбралі свой бок
Што за ініцыятыва блакуе каналы Азаронка і сілавікоў ў сеціве і як ёй гэта ўдаецца
Каментары