У мітрапаліта Ануфрыя і іншых іерархаў Украінскай праваслаўнай царквы знайшлі расійскія пашпарты
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Ануфрый (Арэст Беразоўскі) і яшчэ больш за 20 святароў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату маюць расійскае грамадзянства, вынікае з расследавання, праведзенага выданнем «Украінская праўда».
07.04.2023 / 19:45
Мітрапаліт Ануфрый. Фота: прэс-служба УПЦ МП
Згодна з інфармацыяй, выцягнутай з сістэмы «Распашпарт», 20 сакавіка 2002 года мітрапаліт Ануфрый атрымаў у Маскве расійскі пашпарт. Праз год, 23 чэрвеня 2003 года, ён атрымаў яшчэ і замежны пашпарт грамадзяніна Расіі.
Гэтыя пашпарты ў яго былі не першыя, бо ў 1998 годзе святару ў Маскве ўжо выдавалі замежны пашпарт. А гэта значыць, што расійскае грамадзянства Ануфрый меў значна раней, чым з 2002 года.
Архірэй УПЦ МП і намеснік Дзесяціннага манастыра ў Кіеве Гедэон (Юрый Харон), аказваецца, таксама мае расійскае грамадзянства. Расійскі пашпарт ён атрымаў у 2019 годзе ў Маскве, а ў 2020-м атрымаў цэлыя два замежныя пашпарты грамадзяніна Расіі.
«Украінская праўда» высветліла таксама, што ў студзені 2023 года, амаль праз год пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну, Гедэон праводзіў службу ў расійскай Казані. У яго малітве былі і словы ў падтрымку войскаў РФ і расійскага нападу на Украіну.
У снежні 2022 года расійскі пашпарт атрымаў таксама былы мітрапаліт Ізюмскі і Купянскі Елісей (Алег Іваноў). Пасля акупацыі Ізюма расійскімі войскамі Елісей працягнуў маліцца за патрыярха Кірыла і пачаў працаваць на акупацыйную ўладу. У прыватнасці, ён прымаў у сябе ў храме прадстаўнікоў акупацыйнай адміністрацыі Харкаўскай вобласці. Пасля дэакупацыі Ізюма Іваноў збег у Белгарад, дзе і атрымаў расійскі пашпарт.
Цяпер у рэдакцыі «Украінскай праўды» ёсць пацверджаная інфармацыя пра наяўнасць расійскіх пашпартоў больш чым у 20 святароў УПЦ МП. У найбліжэйшы час выданне абяцае апублікаваць гэтыя даныя на сваім сайце.
Цяпер жа рэдакцыя прыводзіць толькі некаторыя з прозвішчаў высокапастаўленых святароў УПЦ МП, якія маюць расійскае грамадзянства:
- мітрапаліт Тульчынскі і Брацлаўскі Іанафан (Анатоль Ялецкіх);
- вікарый Тульчынскай епархіі, епіскап Ладыжынскі Сергій (Сяргей Аніцэй);
- вікарый Кіеўскай епархіі архіепіскап Панцеляймон (Віктар Башчук);
- упраўляючы Чарнавіцка-Букавінскай епархіяй мітрапаліт Мялецій (Валянцін Ягоранка);
- упраўляючы Хусцкай епархіяй мітрапаліт Марк (Мікалай Пятровіч);
- упраўляючы Днепрапятроўскай епархіяй мітрапаліт Ірыней (Іван Сярэдні).
Чытайце таксама:
Два выбітныя беларускія праваслаўныя святары перайшлі ва Усяленскі патрыярхат