«Мне трэба чакаць ВНЖ крымінальніка». Слава Камісаранка расказаў, куды пераязджае, і пажартаваў пра складанасці легалізацыі 

Беларускі комік Слава Камісаранка расказаў пра свае злыбеды з атрыманнем візы. 

08.04.2023 / 10:39

Скрыншот відэа канала Камісаранкі

Камісаранка на сваім ютуб-канале расказаў, што ўжо некалькі месяцаў не рабіў падкастаў, бо пастаянна даводзілася пераязджаць. Цяпер ён знаходзіцца ў Стамбуле.

«Галоўная навіна — мне даюць талент-візу ў ЗША амаль на два гады. Быў прыемны, светлы і чысты, а цяпер і таленавіты. Гэта не значыць, што я прама пераязджаю, хоць гэтая віза па сутнасці ВНЖ, па ёй ты можаш жыць і працаваць.

Мне больш за ўсё падабаецца, як яна называецца — талент-віза. (…) Па факце гэта адзінае месца, куды мяне наогул пускаюць», — зазначыў Камісаранка.

Ён растлумачыў, што легалізавацца ў яго не атрымалася ні ў Польшчы, ні ў Германіі, ні ў Іспаніі, турэцкі ВНЖ скончыцца праз тры месяцы, а новы яму атрымаць не ўдасца.

«Нямецкі консул мне адмовіў у гуманітарнай візе, таму што не лічыць, што мне небяспечна ехаць у Расію ці Беларусь, а ў Іспаніі мне не далі легалізаваць мае сродкі, таму што, мабыць, гэта брудныя бабкі за брудныя жарты. У нейкі момант быў вярняк — гэта ехаць у Беларусь і здавацца Чык-чырыку, і па дакументах я праходзіў, і па тэрмінах мяне чакаюць, наогул ідэальны варыянт».

Па яго словах крымінальная справа не дапамагае ў атрыманні ВНЖ, бо паўсюль патрабуецца даведка аб адсутнасці судзімасці.

«Цяпер з'яўляюцца візы фрылансера ці лічбавага качэўніка, а мне, відаць, трэба чакаць ВНЖ крымінальніка, гэта наогул ідэальны варыянт. Увогуле, вяртацца ў Беларусь быў рабочы варыянт. Тым больш улады Беларусі над гэтым актыўна працуюць», — з сумам пажартаваў ён.

Ён таксама расказаў, што талент-візу ў ЗША атрымаць было няпроста: прыйшлося сабраць мноства рэкамендацый і водгукаў аб яго творчых поспехах, якія занялі 600 старонак. «Мы сабралі 600 старонак, рэальна гэта быў флэш-раяль». Частку лістоў напісаў ён. 

Таксама трэба было даказаць, што будзеш мець працу ў ЗША. Слава прадставіў графік канцэртаў, першы — 22 красавіка. Усяго чакаецца 18 канцэртаў.

Найлепшыя беларускія стэндаперы — хто яны?

«Нічога не панятна, но так непрыятна». Слава Камісаранка апублікаваў свой першы стэндап на беларускай мове

Nashaniva.com