«Такі даход, вядома, проста дах зносіць». Айцішнік атрымлівае ў Польшчы штомесяц 18 тысяч даляраў і расказвае, як гэтулькі зарабляць ды куды траціць

Давід жыве ў Варшаве з жонкай амаль 2 гады. Ягоны ўзрост — 32 гады, досвед у ІТ — крыху больш за 10 гадоў. Мужчына зарабляе каля 18 тысяч даляраў у месяц, часта працуючы з адпачынку і на дзвюх працах, але на жыццё не скардзіцца: для яго ІТ — пакліканне, а не сродак для зарабляння грошай, піша Devby.

09.04.2023 / 01:17

«Так, як я гарбеў у Беларусі, я больш нідзе не гарбеў!»

«Я франтэнд-распрацоўшчык (Angular, Vue). Пачынаў з распрацоўкі сайтаў фрылансерам, першая афіцыйная праца была «на галерах» у EPAM за 250 даляраў у месяц. Цяпер працую праз інкубатар на дзве міжнародныя кампаніі.

Два гады таму я вырашыў выехаць з Беларусі. Працадаўца быў не супраць майго ад'езду і прапанаваў заключыць дамову B2B, але ўся легалізацыя — на мне. Мой заробак на той момант быў каля 3,5 тысячы даляраў.

Карацей, стаў адгукацца на іншыя вакансіі і хутка атрымаў пару офераў. Максімум мне прапанавалі 5,8 тысячы, але я выбраў пазіцыю з крыху меншым заробкам і больш цікавай працай. Быў на сёмым небе ад шчасця, бо нават не марыў пра такое. А праз паўгода пачаў зноў паціху хадзіць па сумоўях, каб трымаць сябе ў тонусе.

І оферы не прымусілі сябе доўга чакаць. Абраў міжнародную прадуктовую кампанію з заробкам каля 10 тысяч даляраў. Праца камфортная, цалкам аддаленая, і ніхто з бізуном над табой не стаіць. У прынцыпе, актыўнай працы там на тры гадзіны ў дзень, так што праз год я знайшоў другую працу — чарговы стартап з такім жа заробкам.

Даход, вядома, проста дах зносіць, але тут ужо ўдвая больш працы і стрэсу, так што не думаю, што доўга на ёй затрымаюся.

Такім чынам, мой заробак на кожнай з прац стабільна ў раёне 10 тысяч брута або 9 тысяч нета, разам — 20 і 18 тысяч адпаведна. Падаткаў выходзіць каля 10% з улікам усіх дадатковых плацяжоў, але з такім даходам ён хутка вырасце, таму падумваю пра B2B Ryczałt з 12%.

Са статычных выдаткаў: арэнда кватэры — 1000 даляраў, кавярні — каля 300, медыцына — 100, а таксама падарожжы (пра іх пазней). Невялікую частку (200—300 даляраў) укладаю ў крыпту або акцыі буйных кампаній накшталт Coca Cola, Booking і Starbucks. Яны таксама прыносяць даход, але сумы невялікія.

Акрамя таго, стараюся данаціць як мага часцей, цяпер спрабую выпрацаваць звычку і данаціць кудысьці абсалютна кожны дзень. Для мяне гэта важна.

Астатнія выдаткі нават прыкладна не лічу, але зніжкамі і купонамі карыстаюся пастаянна: навошта плаціць больш, калі можна заплаціць менш?

Патраціць заробак цалкам даволі складана без нейкіх аднаразовых буйных пакупак або маштабных падарожжаў, так што рэшту я адкладаю на рахунку ў банку ў далярах і еўра — хачу ў найбліжэйшы час набыць кватэру. Але пакуль на маіх рахунках менш за 50 тысяч, не так і шмат.

Заўважыў пацешнае: у айцішнікаў з высокім даходам звычайна больш вольнага часу. Чым больш заможны працадаўца, тым больш спакойная атмасфера на працы, няма авертаймаў і жорсткіх дэдлайнаў.

Так, як я гарбеў у Беларусі, я больш нідзе не гарбеў! А цяпер вольнага часу так шмат, што хапіла нават на другую працу.

«Працяглая паездка ў ЗША цалкам можа «зжэрці» тысяч з дзесяць»

Я стараюся шмат падарожнічаць, таму большая частка заробку сыходзіць на паездкі. Лётаю мінімум раз на месяц па Еўропе з жонкай, працую адтуль. Адпачынак бяру толькі тады, калі трэба кардынальна змяніць часавы пояс або пры падарожжы на машыне за рулём. Але тут варта сказаць, што гэта не вымушанае, а ўсвядомленае рашэнне, каб патраціць паўнавартасны адпачынак больш якасна.

Працаваць у адпачынку мяне не напружвае: я люблю сваю працу, займаюся гэтым з дзяцінства па ўласным жаданні, а калі працы няма, я сам для сябе яе прыдумляю — пішу нейкі дадатак або гульню.

Нядаўна адкрыў для сябе краіны, куды не лётаюць лаўкостары. Напрыклад, Славенія — прыгожая і пры гэтым недарагая краіна, на адлегласці за 150 км альпійскія заснежаныя горы і адрыятычнае ўзбярэжжа з кіпарысамі і старымі гарадамі. Выдатныя дарогі, танная арэнда аўто, добры сэрвіс.

Ну, і з ростам даходу растуць выдаткі, бо прызвычайваешся да пэўнага ўзроўню камфорту. Пасля пералёту прэміум-эканомам у ЗША ляцець на далёкія адлегласці звычайным эканомам я ўжо не змагу. Ды і ў цэлым радзей стаў лётаць лаўкостарамі — у таго ж Lot больш зручны час вылету і нармальная цана, калі закупляцца па серадах, калі там зніжкі.

Я больш не начую ў хостэлах, аддаючы перавагу сеткавым гатэлям сярэдне-бюджэтнага сегменту, накшталт Ibis або Ibis Style.

Так што працяглая паездка ў ЗША цалкам можа «зжэрці» тысяч з дзесяць: гатэль на два тыдні ў Нью-Ёрку будзе каштаваць 4 тысячы, плюс пералёт, забавы. Можна яшчэ і тэхнікай закупіцца.

Заўважыў, што далей пэўнага ўзроўню рост даходаў ужо не так адчуваецца. Напрыклад, у кавярні я хадзіў яшчэ будучы мідлам з 2 тысячамі, падарожнічаць пачаў яшчэ раней. Проста больш пачынаеш шанаваць свой час і камфорт.

«Вакансіі на польскай ці рускай можна адразу прапускаць»

Каб айцішніку зарабляць 10 тысяч даляраў і больш, трэба не толькі шанцаванне, але і падрыхтаваная глеба. Магчыма, мае парады камусьці дапамогуць падрыхтаваць гэтую глебу:

Чытайце таксама:

Хікікаморы мімаволі. Айцішнік пакінуў сям'ю ў Беларусі і жыве ў грузінскай вёсцы

«Важыў 86 кг, цяпер — 68». Джун пра цяжкі пераезд у Польшчу

«Мясцовыя яшчэ не да канца разумеюць, хто такія айцішнікі». Беларус распавёў пра рэлакейт у Чарнагорыю

«Усё абшарпанае, не афарбавана, не абтынкавана». Айцішнік з'ехаў у Тбілісі, але яму не спадабалася, ён вярнуўся ў Мінск

«Прапаноўвалі 3900 даляраў, я адмовіўся». Беларускі айцішнік расказаў, як не вытрымаў жыцця ў Польшчы

Nashaniva.com