Упершыню на фестывалі Burning Man будзе прадстаўлена праца беларускай мастачкі
Мастачку-скульптара Марыю Тарлецкую запрасілі на фестываль сучаснага мастацтва і вольнай творчасці Burning Man. Штогадовы фестываль праходзіць у пустыні Блэк-Рок у штаце Невада, на ім мастакі і скульптары з усяго свету прадстаўляюць незвычайныя інсталяцыі і высокатэхналагічныя арт-аб'екты.
12.04.2023 / 17:34
Фота: facebook.com/MariaTarletskaya
Сёлета на фестывалі ўпершыню будзе прадстаўлена скульптура з Беларусі.
«Я лёгка атрымала візу ЗША, зарэгістравалася на сайце Burning Man, адправіла CV, рэзюмэ, біяграфію, project statement, праект скульптуры і праз два тыдні атрымала віншаванні з пацвярджэннем, што я цяпер афіцыйны мастак playa Burning Man! ART BURNING WOMAN! Да гэтага моманту я яшчэ не была знаёмая ні з адным бернерам і цьмяна сабе ўяўляла, што гэта авантура касмічнага маштабу», — дзеліцца навіной Марыя Тарлецкая на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Мастачка расказала, што першапачаткова скульптура будзе сабраная ёй на месцы, а пазней будзе разабраная на часткі, якія павінны змясціцца ў чамадан. Вядома, змяшчаецца яна ў чамадан не ўся, але па задумцы аўтаркі галоўнае — змясціць злучальныя вузлы, шрубы і гайкі.
У штогадовым фестывалі бярэ ўдзел больш за 60 тысяч чалавек з усяго свету. У пустыні Блэк-Рок удзельнікі фестывалю ствараюць горад сваёй мары Black Rock City з жылымі вуліцамі і інфраструктурай, вакол якіх пабудаваныя мастацкія аб'екты, сцэны і забаўляльныя зоны. У цэнтры ўсталяваны сімвал фестывалю — фігура «чалавека, які гарыць», якую па традыцыі ствараюць кожны год, каб у канцы фестывалю спаліць.
Чытайце таксама:
Адразу два беларусы ўвайшлі ў журы прэстыжнай кінапрэміі «Залаты глобус»
На сёлетняй кніжнай выставе ў Беластоку будзе працаваць павільён беларускіх кніг
Беларускі фільм «Радзіма» ўзяў гран-пры на Капенгагенскім кінафестывалі