«Не размяшчаць негатыўную інфармацыю ў прыватных акаўнтах сацыяльных сетак». Што яшчэ забараняе рабіць «Кодэкс прафесійнай этыкі» НАНБ?
У тэлеграм-канале хіміка Сяргея Бесараба з'явіўся дакумент пад назвай «Кодэкс прафесійнай этыкі работніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Ён зацверджаны пастановай Бюро Прэзідыума НАНБ 6 красавіка 2023 года і, акрамя стандартных для падобных матэрыялаў палажэнняў, утрымлівае некалькі такіх, якія сведчаць пра імкненне забараніць як «неэтычнае» права супрацоўнікаў НАНБ мець уласны пункт гледжання на грамадска-палітычнае жыццё.
13.04.2023 / 17:43
Палажэнні, закліканыя надзець цуглі на магчымасць выказвання «акадэмікамі» сваёй грамадскай пазіцыі, утрымліваюцца ў асноўным у главе 3 кодэкса пад назвай «Маральна-прафесійныя нормы і правілы работніка НАН Беларусі».
Паводле аднаго з палажэнняў гэтай главы, работнік НАНБ павінен «садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай свядомасці», але «на аснове дзяржаўнай ідэалогіі».
Таксама «акадэмікам» фактычна забаронена выказваць альтэрнатыўную думку ў СМІ і нават сацыяльных сетках, бо ў кодэксе прысутнічае і абавязак «фарміраваць пазітыўны імідж НАН Беларусі і беларускай навукі,
не дапускаць публічных дзеянняў (у тым ліку выказванняў у медыя, уключаючы сацыяльныя сеткі), якія наносяць страты рэпутацыі НАН і беларускай дзяржавы».
Таксама прадпісваецца «не ўдзельнічаць у арганізацыях, фарміраваннях, інтэрнэт-рэсурсах, мерапрыемствах антыдзяржаўнай скіраванасці» і яшчэ раз фактычна паўтараецца правіла ўстрымання ад разняволенасці ў сацсетках:
«не размяшчаць публікацыі, якія ўтрымліваюць антыдзяржаўныя матэрыялы, а таксама негатыўную, не адпаведную рэчаіснасці інфармацыю ў прыватных акаўнтах сацыяльных сетак».
З апошняй фармулёўкі можна зрабіць выснову, што калі інфармацыя пра НАНБ і дзяржаву ў цэлым негатыўная, то яна аўтаматычна «не адпаведная рэчаіснасці».
У той жа час сярод «асноўных этычных прынцыпаў пры выкананні працоўных абавязкаў работніка НАН Беларусі» мусіць, паводле гэтага самага кодэкса, быць і такі, як «гуманізм»:
«Работнік НАН Беларусі не праяўляе высакамернасці, абыякавасці ці няўвагі да людзей, прызнае каштоўнасць, непаўторнасць кожнай чалавечай асобы і права кожнага на жыццё, здароўе, гонар і годнасць».
Гэта палажэнне, калі разглядаць яго ў агульным кантэксце, — яўна крывадушнае, бо вышэй цытаваныя абмежаванні на публічныя выступленні з крытыкай наяўных парадкаў робяць яўна немагчымымі без сур'ёзных наступстваў публічныя выступленні навукоўцаў у абарону тых калег, якія падвяргаюцца рэпрэсіям з боку дзяржаўных органаў і адкрытым здзекам з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў. Пра «непаўторнасць кожнай чалавечай асобы і права кожнага на жыццё, здароўе, гонар і годнасць» у працэсе гэтага не выпадае нават згадваць.
Чытайце таксама:
Як кіраўнік Акадэміі навук Гусакоў стаў галоўным казачнікам
«Часам незаменна, але…» Бесараб адказаў на крытыку наконт апраменьвання прадуктаў радыяцыяй