«Казкі сталі нашым усім», — жартуюць у Акадэміі навук. Пасля таго, як кіраўнік Акадэміі Уладзімір Гусакоў захапіўся казкамі — ніхто не зразумеў чаму, у НАН адбываецца адзін казачны форум за другім.
Уладзімір Гусакоў. Фота: БелТА
Казкамі Уладзімір Гусакоў захапіўся больш за пяць гадоў таму. З вуснаў Гусакова на адной з нарадаў прагучала, нібы спантанна, думка, але ён за яе ўхапіўся. І абавязаў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры прысвяціць казкам адмысловы фестываль.
Некаторыя з навукоўцаў згадваюць, што кіраўнік Акадэміі тады загадаў прывезці ў Мінск 300 казачнікаў і паставіць іх у фае на першым паверсе будынка Прэзідыума, каб яны выступалі перад усімі.
«Казкі раптам сталі нашым усім. У той час Гусакова ўдалося пераканаць, што не ў кампетэнцыі Акадэміі навук ладзіць фестывалі. Ён пагадзіўся, што гэта будуць форумы», — апавядае адзін з былых супрацоўнікаў Акадэміі.
Паўстала, аднак, праблема, дзе ўзяць спецыялістаў. Па народнай казцы іх няма, толькі па літаратурнай. На літаратурную казку і зрабілі акцэнт.
Першы форум правялі ў маі 2018 года. Прыехалі замежныя госці, выступалі аўтэнтычныя носьбіты: казкі чыталі людзі старэйшага веку.
Другі форум прыпаў на пандэмію каранавіруса, і яго ў 2021 годзе праводзілі анлайн.
Удзельнічалі даследчыкі казак з Францыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы. Праз сацыяльныя сеткі арганізавалі конкурс чытальнікаў казак сярод дзяцей. Відэа з казкамі дзеці выстаўлялі ў тыктоку.
Летась у кастрычніку Гусакоў загадаў правесці і трэці форум. Супрацоўнікі аўральна прыдумалі праграму, і 22 снежня загад быў выкананы.
Былі запрошаныя на яго майстры батлейкі, якія паказалі класічны народны спектакль пра цара Ірада.
Цяпер Гусакоў патрабуе найхутчэй выдаць зборнік беларускіх казак.
«Ёсць казкі пра жывёл, чараўніцтва, побыт і іншае. У Беларусі існуе 580 сюжэтаў казак. У сувязі з гэтым ёсць ідэя стварыць зборнік, які аб'яднае ўсе гэтыя сюжэты. Бо фальклор — гэта наша гістарычная спадчына, культура і выхаванне для будучых маладых пакаленняў», — даводзіў ён.
Навукоўцы здзіўляюцца: няўжо не ведае Гусакоў, што ў мінулым стагоддзі і даследаванні праводзіліся, і зборнікі выдаваліся? За савецкім часам даследчыкам у кніжнай серыі «Беларуская народнай творчасць» удалося выдаць 5 акадэмічных тамоў казак з каментарамі. Апошні пабачыў свет у 1989 годзе.
«НАН рызыкуе ператварыцца ў казачную акадэмію», — жартуюць у навуковай супольнасці.
Некаторыя ў той жа час адзначаюць, што ўвага даследаванням казак не лішняя, іншае пытанне — што праводзіцца яны павінны не так, як патрабуе кіраўніцтва.
«Выглядалі форумы грунтоўна, таму сказаць, што імпрэзы пра казку — бздура, гэта перабольшванне, — лічыць адзін з супрацоўнікаў Акадэміі. — Але яны засведчылі, што людзі на кіроўных пасадах абсалютна не разумеюць, што такое казка з яе мноствам жанравых кірункаў. І найгалоўнейшае — што казка не заўжды забавачка».
Ён кажа, што правесці добрую навуковую, з практычнай часткай канферэнцыю пра казку было б добра, бо яна ў айчынным гуманітарным дыскурсе апошняга часу разглядаецца мінімальна.
«Калі надышлі больш ліберальныя часы, то фалькларысты ўбачылі процьму недаследаваных пластоў народнай творчасці: рэлігійныя, магічныя, якім раней не надавалася асаблівая ўвага і яны сталі перспектыўнымі, — тлумачыць сітуацыю навуковец. — А даследаванні казкі аказаліся ў занядбанні.
Маладыя спецыялісты знаходзілі сабе больш прэстыжныя грашовыя месцы, бо заробкі ў «казачнікаў» мізэрныя і прэстыжу нуль. Для цяперашняга пакалення навукоўцаў казка — учарашні дзень. Акрамя таго, сышло старое пакаленне, якое магло б вызначаць кірункі даследаванняў казачнай сферы».
У Акадэміі спадзяюцца, што ў новым захапленні Гусакова будзе хаця б адзін плюс: удасца выбіць дадатковае фінансаванне на выданне тома новых запісаў казак, якія захаваліся ў архівах.
Як складвалася навуковая кар'ера Гусакова
Уладзімір Гусакоў, як і Лукашэнка, скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.
Па яе сканчэнні тры гады адпрацаваў галоўным эканамістам у калгасе, а потым яго жыццё крута змянілася — Гусакоў пайшоў у навуку.
Кандыдацкую дысертацыю ён абараніў не ў Беларусі, а ў латвійскай Елгаве — у мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.
Дзядзька Гусакова, Сцяпан Скарапанаў, быў акадэмікам і міністрам сельскай гаспадаркі савецкай Беларусі ў гады Пятра Машэрава.
На пасаду старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Лукашэнка прызначыў Гусакова ў 2013 годзе. Па яго словах, яму было наказана, каб Нацыянальная акадэмія навук павялічыла запатрабаванасць навуковых распрацовак, якія «меліся даць краіне рэальны эканамічны эфект».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары