Кадыраў адмовіўся сустракацца з чачэнцамі, што трапілі ў палон. І адправіў іх зноў на фронт
У Чачню з украінскага палону вярнулася пяцёра вайскоўцаў. Яны трапілі ў палон 14 снежня і правялі ў ім чатыры месяцы.
16.04.2023 / 11:40
Вось як пракаментаваў вызваленне сваіх землякоў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, які сказаў: «Я лічу, што ў чачэнскага воіна не павінна быць ніякіх прычын апынуцца ў палоне.
Апраўданні могуць быць розныя, але як бы там ні было, воін павінен даказаць, што ў яго не было іншага выйсця. І даказаць гэта трэба, вярнуўшыся на перадавую».
Па гэтай прычыне ён адмовіўся ад сустрэчы з салдатамі. «Гэта пытанне гонару не толькі асобна ўзятага байца, але і пытанне гонару ўсяго падраздзялення, усяго палка, у якім байцы служаць. Хай дакажуць, што яны не пазбягалі бою, не баяліся сустрэцца з ворагам і не шукалі магчымасці скласці зброю і выратавацца ад куль», — напісаў ён у тэлеграме.
Кадыраў удакладніў, што «палон — не злачынства».
«За гадзіну да свайго палону яны звязваліся па рацыі і паведамлялі, што ў іх заканчваюцца боепрыпасы. Але кожны воін павінен не проста бяздумна страляць, а абдумваць кожны стрэл, берагчы кожны патрон.
Усведамляю, што ў гэтым ёсць і мая віна, што яны аказаліся недастаткова падрыхтаваныя да такой сітуацыі і не да канца разумелі, што баец павінен планаваць [выкарыстанне] свайго боекамплекта», — дадаў кіраўнік Чачні.
Напярэдадні Украіна і Расія правялі велікодны абмен палоннымі, 130 чалавек вярнуліся ва Украіну з расійскага палону.
Чытайце таксама:
Кадыраў распавёў, чаму пастаянна кажа «дон»