Літоўскім крамам дазволяць прадаваць пратэрмінаваныя прадукты
У Літве крамам дазволяць прадаваць некаторыя прадукты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці, піша Delfi.lt. Дазвол, праўда, закране толькі прадукты з вялікім тэрмінам прыдатнасці — год і болей. У гэтую групу ўваходзяць, напрыклад, крупы, мука, цукар-пясок ці алей. І можна будзе так рабіць толькі пры ўмове, што вытворца пазначыў дату, да якой варта выкарыстоўваць прадукт.
17.04.2023 / 22:23
Фота ілюстрацыйнае
«Мы хочам дазволіць даўжэй прадаваць тыя тавары, на якіх пазначана «лепш да». Гэта не тычыцца тых, на якіх пазначана «прыдатны да». Так і прадуктаў менш выкінем, і людзі змогуць купіць танней», — тлумачыць міністарка эканомікі Аўшрыне Арманайце.
У Літве кажуць, што раней такія прадукты перадавалі «харчоваму банку». «Значыць, маглі аддаваць іх на дабрачыннасць, але прадаваць не маглі», — адзначае прадстаўніца кампаніі Iki Вайда Будране.
У Міністэрстве эканомікі мяркуюць, што продаж пратэрмінаваных прадуктаў дапаможа змагацца з празмерным іх выдаткаваннем. У Літве штогод выкідваюць 400000 тон прадуктаў.
Разам з тым, гучаць і галасы супраць такога рашэння. Праціўнікі гэтага кроку баяцца, што такімі прадуктамі будзе лёгка атруціцца.
Чытайце таксама:
Зменшылі цэны на беларускія малочныя прадукты, якія пастаўляюцца за мяжу. Прытым даволі значна
Іран, ААЭ, Бразілія… Слодычы з якіх краін можна цяпер пабачыць на паліцах беларускіх крам?