«Абсалютна непрымальныя афіцыйныя кантакты з «ДНР-ЛНР». У Вярхоўнай радзе пракаментавалі адкліканне амбасадара з Беларусі

Адкліканне амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый — сур’ёзны сігнал для Аляксандра Лукашэнкі, які пайшоў на правакацыю. Пра гэта «Люстэрку» заявіў кіраўнік Камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко.

19.04.2023 / 14:36

Старшыня Камітэта Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко. Фота: партыя «Слуга народа»

«Для Украіны абсалютна непрымальныя якія-кольвек афіцыйныя кантакты якой-кольвек дзяржавы з падкантрольнымі Расіі тэрарыстычнымі арганізацыямі «ДНР-ЛНР». Па сутнасці, «ДНР-ЛНР» — тэрарыстычныя інструменты і фактычныя органы Расіі. Крок Лукашэнкі — наўмысная правакацыя на мяжы прызнання так званых ДНР-ЛНР. Украіна не можа падтрымліваць дыпламатычныя адносіны з дзяржавамі, якія прызнаюць «ДНР-ЛНР»», — адзначыў Меражко.

На ягоную думку, адкліканне амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый — сур’ёзны сігнал для Аляксандра Лукашэнкі, які пайшоў на правакацыю.

Афіцыйны Кіеў адклікаў амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком самаабвешчанай ДНР Дзянісам Пушыліным. У МЗС Украіны гэта назвалі «чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, скіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ».

Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не прызнаў на афіцыйным узроўні самаабвешчаныя ЛДНР.

Nashaniva.com