У Ляхавічах праявілі крэатыў у афармленні аўтобусных прыпынкаў
Ідэя незвычайна аформіць прыпынак у Ляхавічах упершыню ўзнікла ў сувязі з вуліцай, названай у гонар знакамітага земляка — кінарэжысёра Міхаіла Пташука, які нарадзіўся ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна. А пасля пачатае вырашылі працягнуць.
19.04.2023 / 19:18
У памяць пра заслугі Міхаіла Пташука на прыпынку, што знаходзіцца на вуліцы ягонага імя, да стандартных павільёна і лавачкі дадалі некалькі элементаў. З аднаго боку камунальнікі паставілі каваную кінакамеру, а да процілеглай сцяны прымацавалі стэнд у выглядзе кінастужкі. На ім намаляваны Міхаіл Пташук і кадры знятых ім фільмаў. Пры гэтым паказальнік з назвай прыпынку нагадвае кінахлапушку.
На вуліцы Леніна побач з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай Ляхавіцкага раёна таксама з'явіўся арт-прыпынак. Здалёк ён нагадвае лаўку для гульцоў і трэнераў на футбольным стадыёне. Дамінанта канструкцыі — вялікі футбольны мяч.
«Прыпынак трэба было мадэрнізаваць, пашырыць. Ён размешчаны на асноўнай вуліцы, там заўсёды шмат пасажыраў, у тым ліку студэнтаў», — растлумачыў дырэктар Ляхавіцкай службы ЖКГ Андрэй Чайкоўскі. Ён адзначыў, што на выбар крэатыўнай ідэі паўплывала суседства спартыўнай школы.
На ініцыятыву мясцовыя жыхары рэагуюць станоўча, таму яе рэалізацыя будзе працягнутая. «Наступны прыпынак ужо вырабляецца, будзе побач з гімназіяй. Дызайн звязаны з абстаноўкай у класе», — распавёў Андрэй Чайкоўскі.
Разважаюць камунальныя службы пра абнаўленне дызайну і на яшчэ адным прыпынку ў Ляхавічах.
Чытайце таксама:
У Ляхавічах абламалі рогі аленю
Як выглядае сядзіба Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, дзе праходзіць рэканструкцыя
На радзіме Алеся Адамовіча пашкодзілі графіці з выявай пісьменніка. Але людзі ўсё паправілі