Лукашэнка на суботніку падарыў Азаронку кувалду

На відэа, распаўсюджаным лукашэнкаўскай прэс-службай, Лукашэнка дае ў рукі адыёзнаму прапагандысту кувалду, перад гэтым «па-бацькоўску» паправіўшы на ім шапку.

22.04.2023 / 18:27

Лукашэнка адыходзіць ад прапагандыста і кідае фразу: «Каб ведалі», атачэнне апладзіруе. 

«Беларускі Тор набыў свой молат», — цешыцца Лукашэнкава прэс-служба.

Кувалда цягам апошняга года стала шырокавядомым па ўсім свеце злавесным сімвалам беззаконня і бесчалавечнасці. Менавіта пры дапамозе гэтага інструмента наёмнікі з ПВК «Вагнер» без суда і следства караюць смерцю людзей, якія нейкім чынам перад імі правініліся, прытым нават не хаваюцца, а запісваюць на відэа і праз свае каналы яго распаўсюджваюць.

Асабліва рэзанансным было такое пакаранне летась у лістападзе былога зняволенага Яўгена Нужына, які завербаваўся ў «Вагнер» з калоніі, патрапіў ва ўкраінскі палон, там запісаў некалькі відэа з крытыкай пуцінскага рэжыму, а пасля быў адпраўлены назад у Расію ў рамках абмену зняволенымі. 

«Вагнераўская» кувалда шырока выкарыстоўваецца расійскай і прарасійскай прапагандай. Яе высылаюць у еўрапейскія структуры, кідаюць на тэрыторыі дыпламатычных прадстаўніцтваў, адпраўляюць на фронт у складзе гуманітарнай дапамогі, дораць у школьныя музеі, прыносяць на пахаванні і гэтак далей.

Лукашэнка з Азаронкам разыгранай сцэнкай цалкам упісваюцца ў гэты трэнд. Можна меркаваць, што яна не спантанная, а загадзя спланаваная, і праз гэта кіраўнік рэжыму з яго топ-прапагандыстам публічна дэманструюць сімпатыі да расійскіх наймітаў і іх нялюдскіх метадаў.

Праява асаблівага цынізму — што гэта робіцца не дзе-небудзь, а ва ўсебеларускім месцы смутку па ахвярах часоў Другой сусветнай вайны — мемарыяльным комплексе «Хатынь».

 Чытайце таксама:

Беларусь дала зброю ПВК «Вагнер», а Кітай адмовіў — Financial Times

«Прызнання мала. Павінна быць пакаранне». Два былыя вагнераўцы расказалі на камеру пра свае злачынствы

Прыгожын патроліў прэзідэнта Швейцарыі навагрудскім сырам

Nashaniva.com