Расійскі эксперт патлумачыў, чаму планерныя бомбы расійскай вытворчасці ўпалі на Белгарад
Нядаўнія падзеі ў Белгарадзе паказалі, што кіраваныя авіябомбы расійскай вытворчасці могуць ляцець не туды.
28.04.2023 / 18:39
ФАБ-500 з планернай сістэмай. Фота: Wikimedia Commons
Расійскі эксперт па пытаннях узбраенняў Максім Клімаў у сваім артыкуле ў інтэрнет-выданні «Военное обозрение» патлумачыў, у чым праблема з расійскімі бомбамі.
Ëн адзначае, што з'яўленне кіраваных пры дапамозе касмічнай навігацыйнай сістэмы GPS авіябомбаў JDAM стала фактычна рэвалюцыяй у наступальнай паветранай вайне. Гэта дазволіла шматразова павысіць эфектыўнасць ваенна-паветраных сіл ЗША за кошт магчымасці масавага (залпавага) высокадакладнага паражэння наземных цэляў. Гэтыя бомбы для павелічэння дальнасці палёту атрымалі раскладныя крылы (JDAM-ER).
Для ўнутраных бомбаадсекаў знішчальнікаў былі створаныя кіраваныя авіябомбы малога дыяметру. Гэта дазволіла рэзка павысіць колькасць такіх авіябомбаў на борце і забяспечыць паражэнне да двух дзясяткаў цэляў з аднаго самалёта. Адзначаецца, што падобныя распрацоўкі мае Іран. Ён выкарыстоўвае кіраваныя авіябомбы з ударных самалётаў Су-22.
У той жа час Расія, заўважае эксперт, значна адстае ў распрацоўках. Ён называе шэраг прычын.
Адной з ключавых прычын «практычна поўнага завалу» распрацовак кіраваных авіябомбаў з навядзеннем па касмічнай навігацыйнай сістэме — распаўсюджанасць ва Узброеных сілах Расіі «грымучай непісьменнасці».
Яна заключаецца ў меркаванні пра тое, што ў сучаснай вайне ў першую чаргу будуць выведзеныя з ладу спадарожнікі. Гэта, маўляў, зробіць неэфектыўным выкарыстанне кіраваных авіябомбаў, якія, як вядома, наводзяцца з дапамогай спадарожнікавай сувязі.
Другая прычына, якую акрэслівае спецыяліст, — нізкі ўзровень ініцыятыўных работ па тэматыцы кіраваных авіябомбаў. Тыя распрацоўкі, якія вяліся ў 2000-2010-х гадах, паказалі, што канструктары не разумелі самой сутнасці такой зброі. Мадэлі кіраваных авіябомбаў былі вельмі нізкай аэрадынамічнай якасці, што не вырашала праблемы дасягнення максімальнай дальнасці палёту.
Не змаглі вырашыць гэтую праблему і распрацоўкі так званых «класічных айчынных карэктаваных авіябомбаў». Яны вяліся дзяржаўным навукова-вытворчым прадпрыемствам «Рэгіён» яшчэ з часоў СССР.
Эксперт адзначае, што распрацоўкі па дакладнасці патрапляння і эфектыўнасці баявой часткі «знаходзяцца на дастаткова высокім узроўні», аднак маюцца дзве праблемы: высокі кошт і недастатковая аэрадынамічная якасць.
Спецыяліст таксама згадвае распрацоўку карпарацыі «Тактычнае ракетнае ўзбраенне» — выраб «Гром», які разлічаны на прымяненне з Су-57 пятага пакалення. Але такіх самалётаў у Расіі вельмі мала. Да таго ж «Гром» таксама не адрозніваецца высокімі аэрадынамічнымі якасцямі, а яго вытворчасць дарагая.
Эксперт выказвае меркаванне, што сёння для Расіі актуальнай зʼяўляецца вытворчасць масавай і адносна таннай кіраванай авіябомбы для самалётаў 4-га пакалення.
На яго думку, для расійскіх вайсковых канструктараў застаюцца незразумелымі і пытанні распрацоўкі кіраваных авіябомбаў «малой памернасці». Вызначальны фактар іх эфектыўнасці — высокая дакладнасць пры адносна слабой баявой частцы. Рэалізацыі задачы можна дабіцца за кошт высокадакладнай і дастаткова дарагой галоўкі саманавядзення.
Высокія цэны такой вытворчасці не дазваляюць абсталяваць авіябомбы авіяцыйнай бартавой радыёлакацыйнай станцыяй. Замест гэтага выкарыстоўваецца радыёўзрывальнік.
Усе гэтыя прычыны прывялі да таго, што расійскія войскі маюць на ўзбраенні яшчэ савецкую фугасную авіябомбу ФАБ-500. Яна мае «неаптымальную памернасць» і нізкія аэрадынамічныя якасці.
Аўтар звяртае ўвагу, што праблемы з выкарыстаннем гэтай планернай авіябомбы пачаліся амаль адразу.
Ён цытуе паведамленне тэлеграм-канала «Ваенны інфарматар» («Военный осведомитель») ад 12 сакавіка 2023 года пра тое, што
«ў Данецку на адной з вуліц Куйбышаўскага раёна была знойдзена авіябомба ФАБ-500 М62, якая не разарвалася і ўпала з прычыны тэхнічнай няспраўнасці з борта расійскага бамбавіка… За некалькі метраў ад снарада, які ўпаў, ляжаў блок кіравання і карэкцыі».
Другі выпадак вядомы ўсім. Гэта падзенне авіябомбаў на Белгарад.
Аўтар лічыць, што праблемы не толькі ў саміх авіябомбах, але і ў іх носьбітах — самалётах Су-34. Ён заўважае, што на ўзбраенні цяпер знаходзяцца самалёты ў істотна ўрэзаным выглядзе, чым яны задумваліся ў канцы 1980-х гадоў. Пры гэтым існуе шэраг прэтэнзій да бартавой радыёлакацыйнай станцыі.
Аднак, як адзначае спецыяліст, «прычына не ў самалёце і яго «борце», а ў тым, што заказчык (ВПС РФ) у 2000-х гг. проста выкрасліў (выключыў) цэлы шэраг патрабаванняў да самалёта, і цяпер гэтая «эканомія на запалках» вельмі востра паказала сябе ў СВА».
У артыкуле значнае месца адведзена пераказу асноўных недахопаў кіраванай планернай фугаснай авіябомбы ФАБ-500М62. Сярод іх — недастатковае гарантаванне бяспекі і перавышэнне вагі авіябомбы, што прыводзіць да выпадковага яе адрыву ад балачнага трымальніка носьбіта-самалёта.
Да таго ж, як сцвярджае аўтар, «прывядзенне крыла ў палётнае становішча робіцца з дапамогай нацягнутай спружыны… Яе нацягваюць мінімум 2 чалавекі, а трэці павінен пракантраляваць пастаноўку ўсяго гэтага жаху на замок».
Істотным недахопам ФАБ-500М62 зʼяўляецца і яе вялікі кошт.
Спецыяліст задаецца таксама пытаннем, навошта выкарыстоўваецца калібр 500, калі вядома, што найбольш эфектыўным рашэннем для кіраванай авіябомбы быў бы калібр 250.
Яшчэ адной праблемай, якую пакуль не здолелі вырашыць расійскія канструктары, зʼяўляецца эфектыўнасць высокадакладных боепрыпасаў са спадарожнікавым навядзеннем ва ўмовах перашкод (сістэм радыёэлектроннай барацьбы). Яе можна вырашыць за кошт павелічэння хуткасці кіраванай авіябомбы.
Такім чынам, падводзіць вынікі эксперт, асноўнымі праблемамі, якія неабходна вырашыць, зʼяўляюцца: наладжванне вытворчасці кіраваных авіябомбаў аптымальнага калібру (250 кг); забеспячэнне высокіх аэрадынамічных характарыстык і дальнасці планіравання; распрацоўка лініі сувязі «кіраваная авіябомба-самалёт» — галоўка саманавядзення; мадэрнізацыя Су-34.
Чытайце яшчэ:
Эксперт выказаў меркаванне, для чаго расійскія «Русланы» прыляталі ў Гомель
Эксперт выказаў меркаванне, для чаго Расія раскансервуе танкі Т-55