«Месцаў у самалёце на ўсіх не хопіць». Ціханоўская звярнулася да паплечнікаў Лукашэнкі

Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася па паплечнікаў Лукашэнкі наконт сітуацыі, якая склалася вакол шпіталізацыі экс-кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі.

29.04.2023 / 09:20

«Дапамажыце сабе — пакажыце Бабарыку, — кажа Святлана Ціханоўская. — Дагэтуль ні адвакаты, ні сваякі Віктара Бабарыкі не могуць убачыць, у якім ён цяпер стане. І такая сітуацыя не адзіная. Памагатыя Лукашэнкі сёння не ўсведамляюць наступствы гэтага ціску на палітвязняў. Зразумейце, пры любой змене сітуацыі Лукашэнка будзе ратаваць толькі сябе. Калі прыйдзе час несці адказнасць, кожны, хто цяпер яго акружае, акажацца сам па сабе.

Сам па сабе будзе Алег Маткін (кіраўнік Дэпартамента выканання пакаранняў), на якога Лукашэнка зваліць усю паўнату адказнасці за нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваліся палітвязні. Сам па сабе будзе Андрэй Швед (генпракурор), які будзе расплачвацца за ўсе абвінавачванні і запрошаныя тэрміны. Сам па сабе будзе Дзмітрый Гара (кіраўнік СК), калі ўсе гэтыя расследаванні справядліва назавуць сфабрыкаванымі. Сам па сабе будзе Іван Кубракоў (кіраўнік МУС), бо за шматразовае перавышэнне паўнамоцтваў, катаванні і смерці звычайных грамадзян, якія адбыліся ў іх выніку, хтосьці павінен будзе адказаць.

Перамены ўсё роўна адбудуцца, але месцаў у самалёце не хопіць на ўсіх. Толькі вы самі можаце сабе дапамагчы. Пачынайце рабіць гэта цяпер. Выходзьце з намі на сувязь. Дзяліцеся інфармацыяй. Зрабіце гэта не толькі дзеля сваёй будучыні, але і дзеля таго, каб заставацца чалавекам», — заклікала Святлана Ціханоўская.

Чытаць таксама:

Былы турэмны лекар тлумачыць, чаму мог здарыцца пнеўматоракс і пра што кажа той факт, што Бабарыку не пакінулі ў шпіталі калоніі

«Дагэтуль у бальніцы, стан сярэдняй цяжкасці». Што вядома на гэты момант пра стан Віктара Бабарыкі

«Увесь чорны». Што апошняе было вядома пра Віктара Бабарыку ў наваполацкай калоніі

Nashaniva.com