Віктар Бабарыка падчас суда ў 2021 годзе. Фота: БелТА

Віктар Бабарыка падчас суда ў 2021 годзе. Фота: БелТА

Па звестках ініцыятывы «Рабочы рух», Бабарыку даставілі ў бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка.

Сёння ўдалося пацвердзіць шпіталізацыю Бабарыкі. Пра гэта «Радыё Свабода» сказалі ў самой наваполацкай бальніцы. Бабарыка ляжаў там у хірургічным аддзяленні.

Паводле неафіцыйных звестак, якія атрымаў «Позірк», у палітыка ў лёгкіх выявілі ваду.

Пра тое, што Бабарыка сам ходзіць і ў яго стаіць дрэнажная прылада, пазней паведаміў «Белсат». Бабарыка ў хірургію мог трапіць з пнеўматораксам.

«Выглядае збітым, але яго дыягназ я не ведаю», — пераказваў словы сваёй крыніцы «Белсат».

Паводле інфармацыі штаба Бабарыкі, палітык усё яшчэ знаходзіцца ў цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка.

Лекары пацвердзілі, што было праведзенае абследаванне, адводзяць вадкасць з лёгкіх. Стан Віктара ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. Ён знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персаналу бальніцы.

Аб прычынах шпіталізацыі па-ранейшаму не паведамляецца.

Любая транспарціроўка, піша штаб Бабарыкі, на сённяшні момант можа быць спалучаная з пагрозай жыццю і здароўю палітыка.

Што магло здарыцца з Бабарыкам за кратамі?

Выказваецца версія, што Бабарыка мог быць збіты ў калоніі. Пнеўматоракс, які падазраюць у палітыка, часта ўзнікае пасля траўмы грудной клеткі. Але бывае і спантанны пнеўматоракс.

Таксама, магчыма, што ў вязня ўзніклі праблемы са здароўем з-за ўмоў у калоніі і цяжкай працы, на якую яго паставілі — Бабарыка выпальвае ў калоніі драўняны вугаль. Або няшчасны выпадак.

Віктара Бабарыку, які, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў самым папулярным сапернікам Аляксандра Лукашэнкі, зняволілі 18 чэрвеня 2020 года, а ў ліпені 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення волі нібыта за «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і «атрыманне хабару».

Палітыка ўтрымліваюць у наваполацкай калоніі №1. Аляксандр Кабанаў называе вязніцу адной з найгоршых па ўмовах. 

Былыя зняволеныя калоніі кажуць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў ізаляцыі. Сядзельцам забаронена з ім камунікаваць.

Пасля таго, як з'явілася інфармацыя пра шпіталізацыю Бабарыкі Святлана Ціханоўская запатрабавала, каб яго публічна прадэманстравалі, паказаўшы, у якім ён стане, і дапусцілі да яго адвакатаў і сваякоў.

Паплечнікі Віктара Бабрыкі кажуць, што ад палітыка каля двух месяцаў няма карэспандэнцыі, а адвакат, якога затрымлівалі падчас аблавы на адкаватаў у канцы сакавіка, апошні раз сустракаўся з ім больш за месяц таму.

Глядзіце таксама:

«Увесь чорны». Што апошняе было вядома пра Віктара Бабарыку ў наваполацкай калоніі

Мяняюць кіраўніка наваполацкай калоніі, дзе сядзяць Бабарыка і Лосік

Аптычны прыцэл Віктара Бабарыкі прадалі з аўкцыёну

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
34