«Абстаноўка вакол Беларусі складаная». Лукашэнка сабраў сілавікоў, каб абмеркаваць, як спыніць дыверсантаў
Сёння Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз сабраў нараду сілавога блоку. Яна адбываецца, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, пад грыфам «абсалютна сакрэтна», але некалькі цытатаў яны прыводзяць.
02.05.2023 / 11:45
«Адкласці нараду мы не маглі: абстаноўка нас прымушае рэагаваць на тую сітуацыю, якая складваецца. Таму было
даручана ўраду, сілавому блоку падрыхтаваць сурʼёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэння на тэрыторыю Беларусі рознага роду дыверсантаў. Апошнім часам такія выпадкі пачасціліся.
Таму я хацеў бы пачуць вычарпальныя прапановы па супрацьдзеянні», — сказаў Лукашэнка.
На нарадзе будуць справаздачыцца старшыня КДБ, міністр унутраных спраў і старшыня Пагранкамітэта.
Паводле старшыні Камітэта дзяржбяспекі Івана Церцеля, на падставе «даных, якія паступаюць па лініі разведкі і іншых падраздзяленняў», у Беларусі «прагназуецца значнае абвастрэнне аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца вакол Беларусі».
Яшчэ ў пятніцу Лукашэнка на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці заспакойваў, што беларусам баяцца няма чаго.
«Супакойцеся, працуйце спакойна. Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, з якімі я сустракаюся, яны мне кажуць: «Аляксандр Рыгоравіч, спадар прэзідэнт, да вас ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца». Можа, і не збіраюцца. Але нам трэба быць гатовымі да ўсяго», — сказаў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
У Бранскай вобласці цягнік пусцілі пад адхон, згарэў беларускі цеплавоз
Ролю «найлепшых людзей горада» на сустрэчы з Лукашэнкам у Ветцы выконваў прафсаюзны актыў
Лукашэнка прыехаў на поле на паліраваным ГАЗіку ў суправаджэнні ахоўніка з аўтаматам