Некаторыя беларускія банкі ў 5 разоў паднялі стаўкі за валютныя SWIFT-пераводы. У колькі абыходзяцца плацяжы за мяжу

Шэраг беларускіх банкаў патрапіў пад заходнія санкцыі і не мае магчымасці рабіць пераводы ў валюце. А банкі, якія могуць рабіць SWIFT-пераводы, час ад часу падымаюць стаўкі за свае паслугі. Паглядзелі, якія банкі дагэтуль робяць такія пераводы і колькі бяруць за гэта грошай.

03.05.2023 / 09:03

Беларусбанк

Найбуйнейшы банк Беларусі захоўвае магчымасць рабіць SWIFT-пераводы ў еўра і далярах ЗША. 

Камісія за перавод у абедзвюх валютах складае 2% ад сумы, але не меней за 100 рублёў за плацеж. Гэты тарыф дзейнічае з сярэдзіны лютага. Раней камісія складала 50 рублёў незалежна ад сумы пераводу.

Тэхнабанк

У гэтым банку бяруць камісію ў памеры 1,5 працэнта ад сумы плюс 50 даляраў, калі валюта пераводу — даляр ЗША, або 45 еўра, калі перавод у еўрапейскай валюце.

Але калі гаворка ідзе пра пераводы ў еўра, то да 1,5% і 45 € давядзецца дадаць выдаткі на куплю гэтай валюты ў банка. Нават калі вы прыйшлі туды з наяўнымі еўра, то вам спачатку трэба будзе памяняць іх на беларускія рублі, каб потым набыць еўра ў банка. Да 5 снежня 2022 года пры пераводзе ў еўра камісія Тэхнабанка складала 55 еўра плюс 0,6% ад сумы.

Даляравыя пераводы можна зрабіць без іх куплі ў банка, таму губляць на курсе не давядзецца. 

Пріорбанк

Гэты банк не робіць пераводы ў еўра і далярах ЗША, але, напрыклад, гатовы зрабіць SWIFT-перавод у польскіх злотых. Камісія ўсяго 0,5%, але не меншая за 50 рублёў.

Банк «Рашэнне»

Гэты банк робіць даляравыя пераводы ў ЗША. Камісія выглядае наступным чынам: 2% ад сумы плюс 150 даляраў незалежна ад сумы плацяжу. Апроч таго, трэба ведаць, што даляры абавязкова набываюць у банка. Таму, калі вы прыйдзеце з далярамі або іншай валютай, вам давядзецца спярша памяняць іх на беларускія рублі, а іх — зноў на даляры.

У снежні 2022 года Банк «Рашэнне» браў 1% камісіі ад сумы, але не менш за 100 рублёў.

Альфа-Банк

Яшчэ месяц таму Альфа-Банк рабіў еўравыя пераводы за 120 рублёў незалежна ад сумы плацяжу. На пачатку красавіка камісія за перавод вырасла да 600 рублёў незалежна ад сумы плацяжу. 

Беларускі народны банк

Гэты банк гатовы адпраўляць пераводы ў еўра з камісіяй 2% ад сумы, але не меней за 110 еўра за плацеж.

BSB-Банк

SWIFT-пераводы ў далярах і еўра робіць і БСБ-Банк. Камісія складае 1,7%, з якіх 1,5% — камісія за перавод і 0,2% — за прыём і пералік грошай. Мінімальная сума камісіі для даляраў ЗША — $100, максімальная — 300. 

З еўра складаней, хоць працэнт камісіі аднолькавы. Усё тыя ж 1,7% і не менш за 100 еўра. Але еўра абавязкова набываць у банку.

У снежні мінулага года камісія ў БСБ-Банку была меншая. На даляры ЗША камісія складала 0,65% (не менш за 90 рублёў і не больш за 390 рублёў). На перавод у еўра — 1,1% ад сумы мінімум 90 рублёў.

Важна! Перад тым, як ісці ў банк з гатовым інвойсам, варта загадзя ўдакладніць, ці працуе банк-адпраўнік з канкрэтнай краінай у цэлым і банкам, які прымае плацеж у прыватнасці. У кожнай канкрэтнай сітуацыі атрыманы вамі адказ ад банка можа адрознівацца ад інфармацыі, прыведзенай у артыкуле. Інфармацыя актуальна па стане на 02.05.2022.

Чытайце таксама:

Стаўкі па валютных дэпазітах у беларускіх банках рэзка змяніліся проці мінулага года

У Польшчы пачнуць выдаваць іпатэку пад 2% гадавых, хоць насамрэч пад 4. Скарыстацца змогуць і беларусы

Nashaniva.com