Працяг нашумелай сагі «Дзюна»: што пакажуць у новым фільме і каго з персанажаў мы пабачым?
Прэм'ера аднаго з самых чаканых фільмаў года мусіць адбыцца ў лістападзе. Днямі выйшаў першы трэйлер «Дзюны 2». Што ж нас чакае ў новым фільме?
04.05.2023 / 20:45
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
«Праклён Дзюны»
Кінатрылогія «Дзюна» заснаваная на культавым рамане амерыканскага фантаста Фрэнка Герберта. Доўгі час лічылася, што гэты раман немагчыма добра экранізаваць, а ўсе спробы ўсё ж гэта зрабіць заканчваліся няўдачай. Версія 1984 года, знятая Дэвідам Лінчам, з трэскам правалілася, а рэжысёр увогуле адрокся ад свайго твору. Псіхадэлічная касмаопера, якую планаваў зняць чылійскі рэжысёр Алехандра Хадароўскі ў 1970-я гады, прыцягнуўшы да здымак Сальвадора Далі і Міка Джагера, дагэтуль лічыцца «найвялікшым нязнятым фільмам».
Міф аб «праклёне Дзюны» разбурыў франка-канадскі кінарэжысёр Дэні Вільнёў, які марыў зняць яе ўсё сваё жыццё.
Дзеянне «Дзюны» адбываецца ў галактыцы далёкай будучыні пад уладай міжзорнай імперыі, у якой феадальныя сямействы валодаюць цэлымі планетамі.
«Дзюна» распавядае гісторыю маладога Пола Атрэйдэса, прадстаўніка шляхетнага Вялікага дому, які атрымлівае ў кіраванне пустынную планету Аракіс, дзе здабываецца ключавы для касмічных пералётаў рэсурс — «спецыі». Разумеючы, што гэта пастка, пастаўленая самім імператарам, герцагу Лета, бацьку Пола, гонар не дазваляе адмовіцца. На Аракісе пастка вельмі хутка зачыняецца: у агні Харконенскіх караблёў і ад клінкоў імперскіх наймітаў дом Атрэйдэсаў амаль цалкам гіне. Выратавацца і збегчы ў пагібельныя пустыні ўдаецца толькі Полу і ягонай маці лэдзі Джэсіцы, якія валодаюць звышнатуральнымі здольнасцямі.
Нагадаем, што першая частка кінатрылогіі скончылася смяротнай бойкай Пола з фрымэнам Джамісам, у якой юны Атрэйдэс перамог. Пасля гэтага ён з маці накіраваўся разам з іншымі людзьмі пяскоў у іх сіетч (так называюцца паселішчы племені фрымэнаў).
Якія намёкі пакідае трэйлер
Трэйлер пачынаецца з пастаральнай сцэны, дзе на фоне бязводных барханаў Аракіса Пол Муад’Дзіб з дому Атрэйдэсаў (у выкананні Цімаці Шаламэ), відаць, у першы раз адгукаецца на просьбу каханай фрымэнкі Чані (Зендэя) распавесці пра воды яго радзімы — планеты Каладан. Чані, якая вырасла ва ўмовах татальнага дэфіцыту вады на планеце, нават не можа ўявіць, што такое моры, азёры і рэкі.
У гэтай частцы, верагодна, робіцца важны акцэнт на экалагічнай праблематыцы, якая і натхніла некалі Фрэнка Герберта напісаць кнігу пра планету, ператвораную ў Дзюну.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Далей мы бачым маці Пола, лэдзі Джэсіку (Рэбека Фергюсан), якая ўжо прыняла на сябе ролю вялебнай маці пустыннага народа.
Яе, апранутую ў традыцыйны фрымэнскі ўбор, нясуць у паланкіне. На татуяваным твары — ярка-сінія вочы — вочы Ібада (такімі яны становяцца пасля доўгага спажывання спецый). На фоне прамаўляе пра таямніцы Аракіса прынцэса Ірулан, якую паказваюць у наступных кадрах. Дачку імператара Шадама IV на экране ўвасобіла Флорэнс П'ю, намінантка на прэмію «Оскар» як найлепшая актрыса другога плану за ролю ў фільме «Маленькія жанчыны».
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Нам паказваюць, як Харконены, што ўчынілі разню на Аракісе супраць Атрэйдэсаў, спальваюць горы целаў забітых людзей герцага Лета. Ірулан жа задае пытанне: «А што, калі Пол Атрэйдэс яшчэ жывы?» На секунду мы бачым твар збройніка і паэта Гурні Халека (Джош Бролін). А пасля — ідэальнага Фейд-Раўту (у параўнанні з іншымі, ужо вядомымі нам прадстаўнікамі гэтага роду), пляменніка барона Харконена, якога сыграў Осцін Батлер. Нельга не адзначыць падабенства гладкага, мармурова-белага і абсалютна пазбаўленага валосся твару з выглядам расы «інжынераў», якіх мы маглі бачыць у фільме «Праметэй» Рыдлі Скота.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Фейд-Раўта б’ецца на арэне як гладыятар, як мы ведаем з кнігі — так ён адзначаў свой дзень нараджэння. Вільнёў застаецца верным сабе, актыўна выкарыстоўваючы колер, як адзін са спосабаў нешта дадаткова распавесці гледачу. Бітва на арэне паказаная чорна-белай, бясколернай — амаль як жыццё людзей на Г’едзі Прайм пад тыраніяй Харконенаў.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
На адным з наступных кадраў мы бачым спакушальніцу лэдзі Марго, сястру з ордэна Бэнэ Гесерыт, ролю якой выканала французская актрыса Леа Сейду, вядомая па ролі «дзяўчыны Бонда» ў апошнім фільме «Не час паміраць».
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Увагу таксама прыцягваюць кадры са шкляной пасудзінай, запоўненай нейкай вадкасцю. Хутчэй за ўсё, гэтая вадкасць, здабытая з забітага вадой маладога чарвяка для рытуалу ператварэння саядзінай (жрыцай) яе ў «ваду жыцця». Далей мы бачым, як Джэсіка абуджаецца пасля небяспечнага рытуалу ператварэння «вады жыцця» ўжо як вялебная маці.
Значная частка роліка прысвечаная асядланню вялікага пясчанага чарвяка Полам, нядаўнім чужаком для фрымэнаў. Чарвяка, прывабленага рытмічным стукам вабіка, малады Атрэйдэс, да здзіўлення ўсіх, бярэ на крук з першай спробы.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
У канцы роліка Пол Муад’Дзіб паўстае ўжо як лідар фрымэнскага народа, гатовы кінуць выклік тыраніі Харконенаў і ўсёмагутнаму імператару. Апошняя сцэна паказвае нам, верагодна, пачатак двубою паміж Фейд-Раўтам і Полам.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Па-за кадрам застаецца мастацкае ўвасабленне імператара Шадама IV, ролю якога выканаў бліскучы Крыстафер Уокен. Яшчэ здаецца, што стваральнікі фільма цалкам адмовіліся ад персанажа графа Хасіміра Фенрынга, галоўнага дарадцы імператара, сумясціўшы яго асобу з лэдзі Марго, яго кніжнай жонкай.
Чаго чакаць ад другой часткі сагі (асцярожна, магчымыя спойлеры)
Пасля прагляду першага фільма, які выйшаў у 2021 годзе, тыя, хто добра знаёмы з літаратурнай першакрыніцай, маглі быць трохі збянтэжаныя. Нягледзячы на немалы хранаметраж першай часткі (яна доўжыцца 2,5 гадзіны), з яе былі выкінутыя важныя для развіцця персанажаў, іх узаемаадносін і разумення палітычнай сітуацыі на Аракісе сцэны, якія прысутнічалі ў кнізе. Асабліва шкада парэзанай гісторыі доктара Юэ, якая раскрывала яго матывы і блізкасць да сям'і Атрэйдэсаў. Нам ён паказаны проста як шараговы здраднік, у той час як у кнізе яго дзеянні названыя не менш як «Вялікай здрадай», а сам ён узведзены ў ранг хрысціянскага Іуды.
Штрыхавой лініяй паказаныя і асноўныя асаблівасці свету Дзюны: мы не атрымліваем уцямнага тлумачэння ні пра тое, хто такія сёстры Бэнэ Гесерыт ці ментаты, ні чаму ў далёкай будучыні адсутнічаюць моцныя вылічальныя камп'ютары, ні як ажыццяўляюцца міжзорныя пералёты — пра што Герберт пакінуў шмат інфармацыі чытачам.
Магчыма, гэта было зроблена знарок, каб фільм спадабаўся як мага большай аўдыторыі, а не стаў цяжкаважным фансэрвісам. Гэтая стратэгія спрацавала і фільм сапраўды быў станоўча ўспрыняты ўсімі катэгорыямі гледачоў, нават звычайна далёкімі ад навуковай фантастыкі.
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Як заявіў Вільнёў Vanity Fair, скачку ў часе паміж першай і другой часткай не будзе. Відавочна, што ў сіквеле нам пакажуць станаўленне Пола Муад’Дзіба як правадыра і духоўнага лідара фрымэнаў (махдзі), развіццё яго адносін з фрымэнскай дзяўчынай Чані, зачатак якіх паказаны ў першым фільме. Нам таксама ўжо паказвалі, як моцна спецыі ўздзейнічаюць на Пола. Урэшце праз гэтае ўздзеянне ён стане тым, хто паскарае шлях — Квісац Хадэрахам, які мае доступ да памяці ўсіх сваіх продкаў і можа прадбачыць будучыню.
Яго маці, лэдзі Джэсіка, пасля жорсткага выпрабавання «Вадой жыцця» народзіць дачку ад памерлага герцага Лета — Алію. Дзяўчынка, якая атрымае моцнае ўздзеянне ў лоне маці ад наркотыку падчас выпрабавання, ад нараджэння атрымае доступ да памяці продкаў, а продкі — да яе, за што сёстры Бэнэ Гесерыт назавуць яе «мярзотай». У будучыні гэтая акалічнасць адыграе трагічную ролю ў гісторыі Атрэйдэсаў.
Паралельна абавязкова мусіць ісці лінія інтрыг пры імперскім двары Шадама IV, які планаваў парадніцца з Атрэйдэсамі, выдаўшы дачку Ірулан за аднаго з іх, але яго планы разбурыла разня, учыненая на Аракісе Харконенамі. Цяпер Шадам вымушаны шукаць саюзу з ненавісным баронам, які кантралюе плынь спецый.
Вельмі верагодна, што нам яшчэ раз пакажуць жорсткасць уладарання сваякоў барона Харконена на Дзюне, а магчыма, і партызанскую барацьбу фрымэнаў. А вось развязка — грандыёзнае супрацьстаянне Вялікіх дамоў на Аракісе, пасля якога галактыка ўжо больш ніколі не будзе ранейшай — хутчэй за ўсё, цалкам ляжа ў аснову апошняй часткі кінатрылогіі. Паказаная ў трэйлеры сцэна перад пачаткам рытуальнага адзінаборства, якое адбылося падчас гэтага супрацьстаяння, магчыма, наўмысна ўводзіць у зман гледача, бо храналагічна яе мы мусім пабачыць пад канец трэцяй часткі.
Няма сумневаў, што трылогія стане вяхой у кінафантастыцы. А пакуль мы будзем чакаць, калі вытворцы прэзентуюць нам апошняга важнага героя сагі — імператара Шадама IV.
Чытайце таксама:
«Тры мушкецёры: Д’Артаньян»: бадзёрая экранізацыя з прыгодніцкім духам і зорным акцёрскім складамё
Прэм'ера новага сезона «Чорнага люстэрка» запланавана на чэрвень
«Беларусьфільм» пачаў здымкі блокбастара паводле рамана Караткевіча