«Тры мушкецёры: Д’Артаньян»: бадзёрая экранізацыя з прыгодніцкім духам і зорным акцёрскім складам
Экранізацый рамана Дзюма назбіралася больш за сотню. Але версію Мартэна Бурбулона, якая выйшла ў красавіку, называюць адной з самых удалых — дзякуючы напоўніцу выкарыстаным сучасным магчымасцям здымкі, дынамічнаму тэмпу, захапляльным сцэнам баёў і ўдала падабраным акцёрам — нават на другасныя ролі.

Калі вы забыліся ці не ведаеце, што дзеецца ў творы Дзюма, то канва прыкладна такая: на дварэ 1627 год, і кароль Людовік XIII (Луі Гарэль) спадзяецца прадухіліць грамадзянскую вайну з пратэстантамі, якія плануюць зрынуць каталіцкую манархію. Ён не можа давяраць свайму ўплывоваму дарадцу кардыналу Рышэльё (Эрык Руф), а таксама не мае пэўнасці, што можа давяраць сваёй каралеве Ганне Аўстрыйскай (Вікі Крыпс), якая, па чутках, мае сувязь з сумнеўным ангельскім арыстакратам — герцагам Бэкінгемскім.
Трэба сказаць, што кароль мае рацыю. Неймаверна прыгожае дыяментавае калье Ганны — яго падарунак каралеве — здаецца, кудысьці знікла. Сярод прыдворных ходзяць чуткі, што Ганна падарыла яго ангельскаму арыстакрату на памяць — і прыдворныя не памыляюцца.
Мушкецёры будуць павінны дабрацца да Англіі, каб забраць калье і каралева змагла надзець яго на вяселле брата караля. Гэта адна са шматлікіх сюжэтных ліній кнігі, якія паўстануць у фільме.

Славалюбнага Д’Артаньяна грае Франсуа Сівіль, Атоса — Венсан Касель, Партоса — Піо Мармай, Араміса — Рамэн Дзюрыс. Дадайце да гэтага Еву Грын у ролі таямнічай і вынаходлівай ліхадзейкі Міледзі, якая па-заліхвацку курыць трубку з доўгім муштуком, — і становіцца зразумела, што на экране заўсёды ёсць хтосьці таленавіты, чыя гульня прасоўвае гісторыю наперад. Фільм Мартэна Бурболона цалкам набіты талентамі — нават другарадныя персанажы сыграны бліскуча.
Да таго ж, ніводная папярэдняя экранізацыя «Трох мушкецёраў» не мела ў сваім распараджэнні столькі тэхнічных дасягненняў. Ёсць доўгія імерсіўныя кадры, падчас якіх глядач пачуваецца так, як быццам ён унутры дзеяння. Баявыя сцэны, што трымаюць у напружанні і ўражваюць вынаходлівасцю пастаноўшчыкаў, часта знятыя адным дублем — гэта таксама дае адчуванне, што глядач — сам сярод таго, што дзеецца на экране.

Усе дэкарацыі ў фільме выглядаюць даволі натуральна — палацы такія, быццам у іх сапраўды доўгія гады жылі людзі. Гэта ж датычыць і касцюмаў — напрыклад, форма мушкецёраў месцамі пакамячаная, цьмяная і паношаная.
Аднак галоўная перавага фільма — гэта прадуманасць і стылёвая вытрыманасць яго адаптацыі. Штосьці захавана як у рамане, але рэжысёр распараджаецца з арыгіналам як хоча — а менавіта прыбірае складаныя палітычна-рэлігійныя разважанні і ўзмацняе дынаміку, гарэзлівасць і хуліганства. Такім чынам, новая версія «Мушкецёраў» ператвараецца ў суцэльную шалёна-захапляльную авантуру.

Разблытванне многіх сюжэтных ліній і драматычныя падзеі адкладзеныя да другой часткі фільма («Тры мушкецёры: Міледзі»), якая выйдзе сёлета ў снежні.
Чытайце яшчэ:
Выйшаў трэйлер фільма пра мушкецёраў з Венсанам Каселем і Евай Грын
Пра што серыял BEEF («Грызня»), які ўсе называюць крутым?
HBO запускае серыял пра выдуманую аўтарытарную дзяржаву ва Усходняй Еўропе
Цяпер чытаюць
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі адказаў на дыскусію Вячоркі і крытыкаў Ціханоўскай: Ваша ўзаемная непрымальнасць адыгрывае вельмі неканструктыўную ролю
Каментары