На месцы колішняга «Еўрапейскага» ў Мінску адкрыецца новая крама

На месцы легендарнай кругласутачнай крамы «Еўрапейскі» недалёка ад станцыі метро «Маскоўская» адкрываецца новая гандлёвая кропка. Выданне Blizko.by даведалася, што там з'явіцца і ці будзе новая крама працаваць па начах.

05.05.2023 / 19:54

Універсам «Еўрапейскі» адкрыўся на праспекце Францыска Скарыны, 117 (цяпер — праспект Незалежнасці) у далёкім 1996 годзе і стаў тады адным з першых удзельнікаў плацежнай сістэмы «Белкарт». У краме паставілі італьянскае абсталяванне, а першыя тавары завозілі таксама з Чэхіі і Венгрыі — уласна, так і зъявілася назва крамы.

Крама запомнілася мінчукам як адзін з рэдкіх у сталіцы «начнікоў». З мая 2013 яна стала працаваць пад шыльдай «Рублёўскі», а яшчэ праз сем гадоў, у канцы мая 2020 года, увогуле зачынілася.

Лічылася, што на месцы былога «Еўрапейскага» можа адкрыцца «Санта»: аднайменная сетка стала ўладальнікам «Рублёўскіх». Але канчаткова вырашаць лёс крамы павінна было галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

У сакавіку 2021 года на краме з'явілася расцяжка «Хутка адкрыццё! Еўракэш». «Еўракэш» — гэта сетка крам фармату Cash&Carry: аптовы і дробнааптовы дыскаўнтэр з паніжанымі цэнамі нават на розніцу. Аднак шыльда правісела каля года і потым знікла, а абяцаная крама так і не адкрылася. Мяркуючы па гандлёвым рэестры, краму выключылі з яго яшчэ ў верасні 2021-га.

Цяпер па тым жа адрасе збіраецца адкрыцца крама сеткі «Грошык» — гэта сетка «жорсткіх дыскаўнтараў» ад уладальнікаў «Еўраопта». Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайтах пошуку працы і ў аб'явах у ліфтах жылых дамоў непадалёк ад крамы.

У службе падбору супрацоўнікаў журналістам Blizko.by расказалі, што адкрыццё крамы запланаванае на 26 чэрвеня гэтага года. Традыцыя колішняй начной працы новым уладальнікам працягвацца не будзе.

Чытайце таксама:

У Мінску зачынілася легендарная крама. Яна працавала каля паўстагоддзя і там унутры быў басейн

«Экспабел» яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў пражыве». Што цяпер з ГЦ, у якім некалі адкрыўся першы гіпермаркет у Беларусі?

«Разумны, дзёрзкі гранж». Беларуска расказала, як шукае адзенне ў вінтажных крамах, і паказала свае любімыя лукі

Nashaniva.com