«Разумны, дзёрзкі грандж». Беларуска расказала, як шукае адзенне ў вінтажных крамах, і паказала свае любімыя лукі
Свой стыль блогерка Ліза Карасёва называе разумным, дзёрзкім, а момантамі нават далікатным гранджам. Дзяўчына апранаецца ў вінтажных крамах і сэкандах і дапамагае іншым знайсці ўнікальнае адзенне праз сваю анлайн-краму. Яна расказала «Нашай Ніве», як выбіраць рэчы.
Лізавета Карасёва. Фота: асабісты архіў
«Мода цыклічная, і вінтажныя рэчы могуць быць на доўгія гады»
Лізавета любіць міксаваць спадніцы з гарсэтамі і грубымі красоўкамі, мужчынскія пінжакі і шырокія джынсы з нізкай пасадкай. «І гэта, мусіць, мой самы камфортны вобраз, які я дапаўняю акулярамі з 1990-х, якія мне падарыла мама.
Яна, дарэчы, прывіла мне цікавасць да моды, жаданне прыгожа апранацца. Старэйшая сястра таксама для мяне была натхняльным прыкладам, яна заўсёды апраналася з іголачкі. Яны мяне ў маіх вобразах падтрымліваюць», — расказвае Ліза.
Захапляцца вінтажным адзеннем дзяўчына пачала пасля таго, як пераехала з Мінска ў Варшаву ў 2017-м.
«Да гэтага ніколі не цікавілася гэтым, у Мінску тэма сэканд-хэндаў, вінтажу не была распаўсюджаная, не ведала, што там можна знаходзіць крутыя рэчы.
У Варшаве існуюць мерапрыемствы, на якіх выстаўляюцца вінтажныя крамы. Гэта як у Мінску Оpen-шафа, дзе людзі прадаюць свае старыя рэчы. Пачала хадзіць на такія мерапрыемствы, і так уцягнулася ў тэму.
Да з'яўлення вінтажу ў маім жыцці я займалася кантэнтам для розных брэндаў. І яшчэ працавала як блогер. Цяпер жа ўсе тры сферы стала складана сумяшчаць, таму я пайшла больш у вінтажны свет і адкрыла сваю анлайн-краму. І застаюся блогеркай.
На грошы, якія ў мяне атрымліваецца зарабіць ад продажу адзення, можна пражыць. Напрыклад, за 50 рэчаў я магу зарабіць прыкладна 500 даляраў. І рэчы могуць прадацца ў адзін дзень. Гэта да пытання пра папулярнасць вінтажу. Але бывае, што для гэтага трэба і два-тры тыдні, але звычайна — на працягу чатырох дзён», — кажа яна.
Ліза мяркуе, што фішка вінтажу ў першую чаргу ў тым, што рэчы могуць служыць шмат гадоў з-за добрай якасці.
«Адпаведна, разумееш, за што плаціш грошы. Новыя рэчы з мас-маркету могуць быць па кошце такімі ж, як і вінтажныя, але праслужаць значна менш. Першая рэч, якую купіла на вінтажным маркеце, — плашч. Ужо шмат гадоў яго нашу.
Тая ж куртка, якую я купіла, спачатку была не ў модзе, а потым стала трэндам. Мода цыклічная, і вінтажныя рэчы могуць быць на доўгія гады.
Калі параўноўваць мас-маркет і вінтаж, то ў другім выпадку можна знайсці рэч у тры разы таннейшую, і яна будзе толькі ў цябе», — расказвае дзяўчына.
«Маё захапленне — штучныя вінтажныя футры»
Пачаткоўцам у справе па пошуку рэчаў Ліза раіць ісці не ў сэканды, а ў вінтажныя крамы.
«У сэкандах сапраўды можна нічога вартага не знайсці. А на вінтажных маркетах выстаўляецца ўжо селекцыя пэўных тавараў, якія сапраўды ўнікальныя».
Каб не купіць непатрэбных рэчаў, дзяўчына раіць спачатку пахадзіць па крамах, паглядзець, што падабаецца, памераць, вызначыць для сябе, у чым вам камфортна. Далей вызначыцца са стылем і напрамкам. Потым скласці шопінг-ліст і толькі пасля гэтага купляць. Адразу думаць, з чым вы будзеце насіць рэч, ці зможа яна доўга вам праслужыць.
Захапленне Лізы — штучныя вінтажныя футры.
«У мяне ёсць цэлая калекцыя, — расказвае яна. — З кожным годам яна робіцца большай. А яшчэ гады два таму я знайшла сваю ідэальную скураную куртку. Калі купіла, яшчэ доўга сумнявалася, ці патрэбная яна мне. На той момант яна мне здавалася занадта шырокай. Цяпер жа такія скураныя курткі на піку моды — карычневыя і пацёртыя. Заўважаю, што нават мас-маркет інтэрпрэтуе іх. Думаю, гэта мой самы шчаслівы набытак, які радуе мяне да гэтага часу.
Самым дарагім набыткам, падаецца, было футра за 200 злотых (48 даляраў). Курткі ў асноўным знаходжу па 150 (36 даляраў).
Спачатку хадзіла на вінтажныя маркеты раз на тры месяцы, з такой частатой яны і праходзілі. Штораз нешта для сябе знаходзіла.
Потым я пачала капаць глыбей і, напрыклад, сачыць за тымі людзьмі, якія выстаўляюцца са сваімі вінтажнымі крамамі. Потым стала хадзіць у іх крамы».
Так у Лізы сфармавалася разумнае спажыванне.
«Вінтажныя рэчы мінімізуюць закупы ў мас-маркетах, рэчы, якія пасля першага мыцця можна выкідваць або яны будуць амаль у кожнага сустрэчнага. Вінтажныя рэчы дапамагаюць выдзяляцца сярод натоўпу. Вядома, я сачу за светам моды, але стоадсоткава на сябе я гэта ніколі не перанясу. Калі зразумею, што мне гэты трэнд не блізкі, насіць не буду.
Навакольныя рэагуюць на мае вобразы пазітыўна. Людзі падыходзяць, пытаюцца, адкуль тая ці іншая рэч, як я яе шукала.
Наконт выказванняў «як можна насіць рэч пасля кагосьці» — абмяркоўвала аднойчы гэта са сваім прыяцелем. Ён, напрыклад, не можа насіць нешта пасля іншага чалавека, але парадаваўся за мяне, што я магу», — расказвае яна.
Для пошуку вінтажнага адзення дзяўчына раіць спампаваць адпаведныя мабільныя праграмы — Vestiaire і Vinted.
«Калі даходзіць да такога, што рэчаў у шафе шмат, а насіць няма чаго — трэба ладзіць чыстку»
З вінтажнага ў Лізы ў гардэробе пераважна верхняе адзенне, але ёсць і абутак. Джынсы — часцей з мас-маркету. Яна смела змешвае мас-маркет і вінтаж.
«У беларускіх сэкандах і калявінтажных крамах я была. Памятаю, знайшла ў Мінску класны бардовы скураны пінжак. Ён нагадваў мне пінжак з серыяла «Сябры», — кажа яна.
Некалькі разоў Ліза знаходзіла брэндавыя вінтажныя рэчы.
«Яны часта каштуюць вельмі дорага, — кажа яна. — Гэта люкс з гісторыяй. Магчыма, з часам прыйду і да яго, але пакуль цікаўлюся проста вінтажам.
Думала раней, што вінтажныя рэчы лепш выбіраць афлайн. Але падчас пандэміі ўсё змянілася. Раю камбінаваць: і анлайн, і афлайн».
Дзяўчына марыць пра сваю крэатыўную прастору.
«Цяпер падскочылі цэны на арэнду, таму на свой такі міні-бізнэс мне трэба назапасіць грошай. Разлічваю, што цягам года мне гэта ўдасца.
Цэны на рэчы фармую індывідуальна. Няма нейкага фіксаванага працэнта. Да цаны, за якую я купляю рэч, дадаецца кошт хімчысткі і плюс яшчэ нейкая нацэнка. Напрыклад, на спадніцу, якую купіла за 15 даляраў, вялікую нацэнку, вядома, не зробіш. Ніхто не купіць проста. Зразумела, з вопраткай гісторыя ўжо зусім іншая.
Калі мы гаворым пра вінтажны абутак, то я часцей звяртаю ўвагу на невялікія абцасы, абутак з 1990-х. Гатовая купляць вельмі шмат пар», — расказвае яна.
У анлайн-краме ў дзяўчыны замаўлялі адзенне з Нью-Ёрка, Канады, Парыжа, Берліна.
«Попыт на вінтажнае адзенне ёсць, — лічыць яна. — Па ўсім свеце ходзяць у маіх рэчах. І гэта неверагодна крута ўсведамляць.
Сама я яшчэ ў тур па Еўропе па вінтажныя рэчы не ездзіла. Але вельмі хачу яго зладзіць. Пакуль я факусуюся на Варшаве, але ў Берліне, напрыклад, у некалькі сэкандаў заходзіла і нешта знайшла».
Абнаўляць гардэроб Ліза раіць кожны сезон.
«А бывае, што і часцей, пад настрой, — тлумачыць яна. — Калі даходзіць да такога, што рэчаў у шафе шмат, а насіць няма чаго, — трэба ладзіць чыстку. У мяне прынамсі так. Нават лепей пачынаю сябе адчуваць», — падсумоўвае яна.
Чытайце таксама:
«Ідэальны піксель». Глядзіце, якую калекцыю адзення выпусціў модны брэнд Loewe ФОТЫ
Спалучэнне класікі і свавольства — трэнды ў мужчынскай модзе на вясну і лета 2023
«Шанэль» і Apple Watch за $17 000. Што носяць беларускія чыноўніцы ВІДЭА
Каментары