На межах пачалі больш пільна даглядаць людзей, якія едуць у Беларусь з Еўропы. І не толькі тых, каго судзілі за пратэсты 

Чытачы паведамляюць, што апошнім часам беларускі бок пачаў усё часцей праводзіць паглыблены агляд пры перасячэнні мяжы. Сістэмнасці ў падыходзе не праглядаецца: у кагосьці глязелі кнігі, іншых — правяралі з металашукальнікам.

10.05.2023 / 13:04

Здымак ілюстрацыйны

З украінскім пашпартам — на допыт і паглыблены дагляд

Чытачы паведамляюць, што апошнім часам пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы кантроль з беларускага боку стаў больш строгім.

«Перш за ўсё, як я разумею, падазрэнні выклікаюць грамадзяне Украіны. Калі бачыш, што ў аўтобусе нехта едзе з украінскім пашпартам, то гэта дадатковыя гадзіна-паўтары на беларускім баку», — кажа мужчына, які перыядычна ездзіць праз мяжу на аўтобусе.

Суразмоўца сцвярджае, што ўжо двойчы трапляў у сітуацыю, калі аўтобус затрымліваўся на мяжы праз пасажыраў з украінскім грамадзянства.

«Кіроўца адразу паведамляе пагранічнікам, колькі едзе пасажыраў і з якім пашпартам. Калі сярод пасажыраў ёсць украінцы, то іх просяць узяць рэчы, выйсці і прасці разам з імі (пагранічнікамі).

Апошні раз, калі ехаў маршруткай, то пасля праходжання намі пагранічнага кантролю мы яшчэ каля гадзіны чакалі чалавека з украінскім пашпартам. Той ужо пасля праезду мяжы распавёў, што жыве ў Беларусі з 2014 года, але яго ўсё адно дапытвалі, навошта і куды ён едзе, якія ў яго сувязі з Украінай. Правяралі тэлефон, падпіскі ў тэлеграме, профілі ў сацыяльных сетках», — кажа суразмоўца.

Грамадзян Украіны адпраўляюць на паглыблены агляд у незалежнасці ад таго, у які бок і на якім тыпе транспрату тыя перасякаюць мяжу. Калі ўкраінец едзе праз мяжу на аўто, то яго аўтамабіль праганяюць праз сканер, калі такі маецца ў пункце пропуску, кажуць відавочцы.

«Пільна прыглядаюцца да кніг»

Людзі звяртаюць увагу, што дадатковыя праверкі пачалі прымяняць і ў дачыненні тых, хто раней заязджаў без праблем і не быў судзімы па «пратэсных» артыкулах.

«Пратаколы агляду не выдавалі, але правяралі ўсё вельмі пільна. У тым ліку ўсялякія паперы і дакументы, якія чалавек вязе з сабой. Таксамі пільна прыгадаюцца да кніг», — расказаў адзін са суразмоўцаў.

Фота: тэлеграм-канал «Варшавка Граница Брест-Тересполь»

«Усіх правяралі металашукальнікам»

Чытач, які вырашыў з'ездзіць на майскія ў Беларусь з ЕС, заўважыў, што дагляд на мяжы стаў значна больш глыбокі, чым было раней.

«У Беларусь езджу прыкладна раз на паўгода, таму магу адзначыць, што гэтым разам дагляд быў самым пільным за ўсе мае папярэднія візіты. Вытрасалі ўсе рэчы, у літаральным сэнсе прасілі выкруціць усе кішэні, правяралі ўсіх пасажыраў у незалежнасці ад пола і ўзросту металашукальнікам», — кажа беларус, які ў першых чыслах мая ехаў у Беларусь.

«Эсктрэмісты» праходзяць кантроль першымі

Іншы беларус расказвае, як перасякаў мяжу з тымі, хто патрапіў у базу «Беспорядки».

«Першы раз з такім сутыкнуўся яшчэ некалькі месяцаў таму, калі адзін хлопец сам паведаміў кіроўцу, што ён так званы «экстрэміст» і што праз гэта на ўездзе ў Беларусь яго будуць правяраць даўжэй за іншых, што можа затрымаць маршрутку», — успамінае мужчына.

Пазней, па словах мужчыны, некаторыя кіроўцы аўтобусаў пачалі самі пытацца, ці ёсць сярод пасажыраў тыя, хто прыцягваўся да адказнасці за пратэсную дзейнасць. Такіх людзей просяць пачынаць праходзіць кантроль першымі, паколькі гэта можа заняць больш часу ў параўнанні з «чыстымі» пасажырамі.

Цалкам верагодна, што чарговае ўзмацненне дагляду пры ўездзе і выездзе з Беларусі звязана з тым, што на 9 мая нібыта планаваўся шэраг тэрактаў. Прапагандысты з АНТ ужо анансавалі фільм-расследаванне, прысвечаны іх прадухіленню.

Чытаце таксама: 

Мінск хоча перастрахавацца: Беларусь увяла пагранічны кантроль на ўездзе з Расіі 

Пандэмія скончылася, але «кавідны» збор на мяжы застаецца. Вось колькі дзяржава зарабляе на ім кожны месяц

«Зялёная карта» хутка ўсё. Як будуць афармляцца страхавыя полісы на аўто для выезду за мяжу?

Nashaniva.com