Ва Украіне пачаў дзейнічаць Польскі добраахвотніцкі корпус
Гэтае асобнае спецпадраздзяленне складаецца з ветэранаў вайсковага спецназа і звычайных ахвотнікаў польскай нацыянальнасці. Падпарадкоўваецца яно напрамую Мінабароны Украіны.
11.05.2023 / 09:30
Афіцыйная эмблема Польскага добраахвотніцкага корпуса (ПДК), якая сімвалізуе «Гусараў смерці» — польскі кавалерыйскі эскадрон, які абараняў Польшчу ад бальшавікоў у 1920 годзе. Фота: тэлеграм-канал Polski Korpus Ochotniczy
Ва Украіне афіцыйна ўступіў у ваенныя дзеянні Польскі добраахвотніцкі корпус (ПДК) — асобнае дыверсійна-выведвальнае спецпадраздзяленне, якое складаецца з ветэранаў Узброеных сіл Польшчы і іншых польскіх добраахвотнікаў, якія да гэтага ваявалі ў складзе іншых украінскіх фармаванняў.
Пра пачатак сваёй дзейнасці ПДК паведаміў 10 мая ў тэлеграм-канале.
У сваім паведамленні польскія добраахвотнікі распавялі пра першае паспяховае баявое заданне на арэхаўскім напрамку ў Запарожскай вобласці Украіны, падчас якога не панеслі ніякіх страт.
«Аперацыя праводзілася сумесна з УСУ і байцамі Рускага добраахвотніцкага корпуса (РДК). Задача была выканана з гонарам і без страт. Гэта было наша першае заданне, і нашы хлопцы былі высока ацэнены камандаваннем», — расказалі польскія добраахвотнікі.
Байцы Польскага добраахвотніцкага корпуса на запарожскім напрамку. Фота: тэлеграм-канал Polski Korpus Ochotniczy
Таксама байцы ПДК дзейнічаюць і пад Бахмутам, пра што пакуль у корпусе вырашылі не раскрываць падрабязнасцяў.
Нагадаем, што яшчэ ў лютым з'явілася інфармацыя аб планах стварэння асобнага польскага спецпадраздзялення ва Украіне, якое было б падобнае па сваім характары да беларускага палка Каліноўскага.
Колькі чалавек уступіла ў корпус, не паведамляецца.
Чытайце таксама:
Украіна пагружае Расію ў «туман вайны», украінцы вялікія майстры ў гэтым — Le Monde