Каля МКАД пабудуюць новы раён на 105 тысяч жыхароў. Гэта як Наваполацк

У Мінгарвыканкаме вырашылі вярнуцца да ідэі забудовы новага квартала «Зялёны Бор» за МКАД. Сёння з'явілася інфармацыя аб грамадскім абмеркаванні новага дэталёвага плана на гэтую тэрыторыю. Па плане пад Мінскам можа вырасці цэлы горад — з вялікай колькасцю шматпавярховікаў, дзіцячымі садамі, школамі, паліклінікамі і кінатэатрам, піша realt.by.

16.05.2023 / 13:59

Пляцоўка пад жылы раён «Зялёны Бор» знаходзіцца за кальцавой дарогай, каля Калодзішчаў. Пад новае жыллёвае будаўніцтва пойдуць землі былога вайсковага палігона. 

Гэтую тэрыторыю ўжо даўно ўключылі ў склад Партызанскага раёна — так што будучыя жыхары будуць мінчанамі.

Арганізатарам грамадскага абмеркавання выступае адміністрацыя Партызанскага раёна Мінска, заказчыкам — камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, распрацоўшчыкам — УП «Мінскграда».

Новы горадабудаўнічы праект тычыцца тэрыторыі ў 1916 гектараў. Участак мяжуе з сядзібнай забудовай у Калодзішчах, «Зялёнай Гаванню», а таксама — ляснымі масівамі.

Яндекс КартыЯндекс Карты — транспорт, навигация, поиск мест

Значную частку зямель былога палігона цяпер займаюць дрэвы і хмызнякі, таксама тут ёсць склады і гаспадарчыя пабудовы (яны будуць рэканструяваныя і захаваны). Пакуль што ў раёне няма ніякіх магістраляў, а таксама інжынернай інфраструктуры. Найбліжэйшыя дарогі — МКАД і праспект Незалежнасці.

На новых сталічных землях плануецца арганізацыя 11 раёнаў, аб'яднаных агульнай ландшафтна-рэкрэацыйнай зонай. У прэзентацыі гаворыцца, што «Зялёны Бор» стане новай брамай у Мінск з боку Нацыянальнага аэрапорта.

У перспектыве тут змогуць пражываць 105 тысяч чалавек (104 тысячы — у шматкватэрных дамах, 1 тысяча — у сядзібным фондзе). Жылыя дамы абяцаюць будаваць па індывідуальных праектах.

З інфраструктуры ў «Зялёным Бары» намечанае будаўніцтва школы, адразу 4 дзіцячых садкоў і 5 паліклінік, бальніцы, а таксама кінатэатра, бібліятэкі і іншых аб'ектаў.

Праект разбіты на 2 этапы. На першым этапе да 2030 года павінны быць асвоеныя планіровачныя раёны бліжэй да Калодзішчаў і Мінска. Жыллёвы фонд на першым этапе складзе 952 тысячы «квадратаў», а насельніцтва — 36,5 тысячы чалавек.

Другі этап прадугледжвае развіццё тэрыторыі пасля 2030 года. На гэтым этапе павінны быць дабудаваныя ўсе 11 планіровачных раёнаў і інфраструктура. Насельніцтва тады можа павялічыцца да 105 тысяч чалавек.

Грамадскае абмеркаванне будзе праходзіць з 22 мая па 5 чэрвеня. 

Прэзентацыя праекта прадстаўленая ў электронным выглядзе на сайце УП «Мінскграда» і на афіцыйным сайце адміністрацыі Партызанскага раёна. Экспазіцыя праекта таксама будзе выстаўленая ў фае будынка адміністрацыі Партызанскага раёна.

Чытайце таксама:

Што не так з новай рэканструкцыяй будынка ў гістарычным цэнтры Брэста?

У Мінску зачынілася легендарная крама. Яна працавала каля паўстагоддзя і там унутры быў басейн

Былы Дом друку ў Мінску чакае грунтоўная рэканструкцыя

Nashaniva.com