З'явіліся падрабязнасці гібелі каліноўцаў у Бахмуце: «чацвёра засталося пад заваламі»

Забраць іх целы з-за шчыльнага агню пакуль няма магчымасці.

19.05.2023 / 13:09

Байцы палка Каліноўскага. Фота: ТГ @BelWarriors

Прадстаўніца палка імя Кастуся Каліноўскага расказала, як загінулі беларускія ваяры.

Паведамляецца, што байцы батальёна «Волат» утрымлівалі пазіцыі ў Бахмуце.

«Нашы хлопцы адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па доме, у якім яны знаходзіліся, ударылі буйнакалібернай артылерыяй. Будынак абрынуўся. Частка байцоў апынулася пад заваламі. 

Другая група разам з медыкамі выправілася туды для эвакуацыі байцоў, якія засталіся пад заваламі, і аказання дапамогі. Чацвёра ваяроў засталося пад заваламі без магчымасці іх эвакуацыі.

У момант эвакуацыі і прыкрыцця адыходу групы загінуў камандзір групы. Ён коштам свайго жыцця даў магчымасць эвакуяваць параненых», — расказала каліноўка.

Пазней была адпраўлена трэцяя група для разбору завалаў і эвакуацыі цел забітых. Аднак у выніку артылерыйскага абстрэлу будынак быў цалкам разбураны. 

«Баі працягваюцца. Магчымасці забраць целы зараз няма», — расказала прадстаўніца палка. 

Раней полк паведамляў пра гібель аднаго байца і знікненне без вестак яшчэ чатырох.

Вядома пра 22 беларусаў, якія загінулі пасля лютага 2022-га, баронячы Украіну і Беларусь. Яшчэ чацвёра знікла без вестак, двое трапіла ў палон. Усяго ў складзе ўкраінскай арміі ваююць сотні грамадзян-беларусаў. Полк Каліноўскага — самая вялікая са структур, дзе служаць беларусы.

Баі за Бахмут ідуць ужо дзевяць месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых месцаў на фронце. Ад 10 мая ўкраінскія войскі тут перайшлі ў контрнаступ і ў зацятых баях вярнулі кантроль над 25 квадратнымі кіламетрамі на поўнач і паўднёвы захад ад горада, у тым ліку над шэрагам важных вышынь.

Так цяпер выглядае Бахмут. Фота: 24 мехбрыгада УСУ імя Караля Данілы

Чытайце таксама:

Беларускія падраздзяленні панеслі цяжкія страты пад Бахмутам. Некалькі чалавек загінула

Украінскі контрнаступ: як ён паўплывае на Беларусь і ці з’явіцца ў Лукашэнкі шанс праявіць самастойнасць?

Як ацэнка сілаў беларускіх добраахвотнікаў уплывае на палітыку Лукашэнкі

Дзяніс Урбановіч атрымаў чацвёртае раненне. У Бахмуце

Антось Жупран