Па палітычнай справе затрымалі супрацоўніка аптовай кампаніі

Па словах ГУБАЗіКа, Андрэй Мельнік пакідаў каментары з асуджэннем агрэсіі Расіі ва Украіне і беларускіх сілавікоў, а таксама паўдзельнічаў у пратэстах.

19.05.2023 / 21:56

Андрэй Мельнік. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Мінчуку Андрэю Мельніку 31 год. Ён скончыў Беларускі інстытут правазнаўства, а ў ягоных сацсетак пазначана, што працуе ў кампаніі «Сэльвін» (Sellwin), якая займаецца аптовай дыстрыбуцыяй тавараў. Жыве ў мікрараёне Уручча.

Невядома, калі дакладна затрымалі мужчыну, але з усіх сацсетак ён знік трое сутак таму. Акрамя традыцыйнага «ўдзелу ў пратэстах», яму закідаюць каментаванне ў тэлеграм-каналах. Найперш гэта каментары з асуджэннем расійскай вайны ва Украіне і дзеянняў расійскіх вайскоўцаў.

ГУБАЗіК сцвярджае, што на яго завялі крымінальную справу.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. 

Чытайце таксама:

За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Паказалі затрыманага айцішніка, які нібыта вяртаўся з Польшчы ў Беларусь

Nashaniva.com