Нешчалівы Шродэр. Аднапартыйцы адмовіліся запрашаць яго на юбілей кіруючай партыі Германіі

У гэтым годзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) спаўняецца 160 гадоў. Гэта найстарэйшая партыя краіны, ля вытокаў якой стаялі Фердынанд Ласаль, Вільгельм Лібкнехт, Аўгуст Бебель.

20.05.2023 / 12:22

Герхард Шродэр. Фота: Dmitry Lovetsky, AP

Пры Бісмарку і Гітлеру яна была забароненая, а ў ФРГ — доўгія гады знаходзілася ў апазіцыі Хрысціянска-дэмакратычнаму Саюзу. Цяпер СДПГ узначальвае кіроўную ў краіне кааліцыю, піша Bild.

Пасля скандалу з наведваннем амбасады РФ на 9 мая шэраг сацыял-дэмакратаў прапанаваў выключыць Шродэра з партыі.

Арбітражная камісія СДПГ адхіліла гэтую ініцыятыву. Але экс-канцлера не сталі запрашаць на юбілейныя ўрачыстасці ў Берліне 23 мая.

Генеральны сакратар СДПГ Кевін Кюнерт проста заявіў, што гэта звязана з наведваннем Шродэрам амбасады РФ і «блізкасцю да распальвальніка вайны і агрэсара».

Пры гэтым Шродэра можна будзе ўбачыць 23 мая ў роліку пра гісторыю СДПГ. Па словах Кюнерта, экс-канцлер застаецца «часткай сацыял-дэмакратычнай гісторыі», а «разрыў з Герхардам Шродэрам — гэта не гістарычны, а сучасны разрыў».

Чытайце таксама:

«Калі Шродэр быў канцлерам, Пуцін размаўляў з ім як з дзеншчыком»

Ад Герхарда Шродэра сышлі ўсе супрацоўнікі яго бюро экс-канцлера

У Нямеччыне звольнілі жонку Шродэра пасля святкавання імі 9 Мая ў пасольстве Расіі

Nashaniva.com