«Народу забараняюць гаварыць, каб ператварыць у статак. Але гэта наш абавязак, бо мы ўратаваліся, а людзі за кратамі»
У Беластоку Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі правялі ля беларускага консульства. Акцыя сабрала больш за сто чалавек. Нямала ўдзельнікаў прыйшло на яе сем'ямі.
21.05.2023 / 20:26
Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Беластоку
Пляцоўка перад консульствам на вуліцы Электрычнай, якую беларуская дыяспара спрабавала перайменаваць у вуліцу «Вольнай Беларусі», ужо даўно стала месцам правядзення пратэстаў супраць рэпрэсій на радзіме. Адсюль не прыбіраецца беларуская сімволіка.
Беласток. 21 мая. Удзельнікі акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Вуліца Электрычная ў цэнтры Беластока ў звычайныя дні малалюдная. Сёння, у Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, яе запаланілі беларусы.
«Цяпер, каб патрапіць пад увагу карных органаў, трэба ўсяго толькі пакінуць каментарый або паставіць падабайку пад непажаданым для ўладаў пастом у інтэрнэце…» — гучаў на акцыі напамін пра сітуацыю ў Беларусі.
Вуліца Электрычная ў Беластоку ў Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Удзельнікі акцыі на ходніках паабапал праезнай часткі ўтварылі два ланцугі. Над імі луналі бела-чырвона-белыя сцягі. Людзі трымалі мноства партрэтаў зняволеных землякоў.
Цэнтральнае месца на найвялікшым плакаце займаў партрэт загінулага ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка.
На найвялікшым плакаце акцыі салідарнасці ў Беластоку цэнтральнае месца адведзенае Вітольду Ашурку
Адна з выступоўцаў, Вольга Верамеенка, эмацыйна расказвае гісторыю знаёмства з палітвязнем і ліставанне з ім. У адным з апошніх допісаў ён паведаміў ёй пра жоўтыя біркі, якія вешаюць на палітзняволеных.
Ашурка жанчына называе нязломным рыцарам і сімвалам, якімі зʼяўляюцца ўсе палітвязні.
«Я хацела б, каб больш ні пра каго са сваіх сяброў, наогул пра беларусаў, не прыйшлося распавядаць з такой дрыготкай у голасе і каб сэрцы нашы больш не разрываліся. А тыя пачвары, якія катуюць беларусаў і забіваюць іх за кратамі, хай ведаюць, што іх імёны вядомыя. Беларусь жыве, Вітольд жыве. Героі не паміраюць», — прамаўляла Вольга.
На акцыі было шмат моладзі.
Удзельнікі акцыі салідарнасці ў Беластоку абачліва прыкрываюцца плакатамі, каб не быць выкрытымі беларускімі спецслужбамі
Адзін з удзельнікаў акцыі кажа, што далучыўся да яе, бо яго землякі на радзіме такой магчымасці пазбаўленыя.
«Даражэйшае за свабоду не можа быць нічога, а ў Беларусі няма свабоды. Іншадумства забароненае. Наступствам гэтага можа быць знішчэнне беларускага народа, бо калі забараняюць гаварыць, думаць, то народ ператвараецца ў статак. Мы прыйшлі, каб заявіць, што беларусы не сталі статкам, а застаюцца свабоднымі людзьмі», — даводзіць мужчына.
Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Беластоку
Яшчэ адна ўдзельніца перакананая, што нават удалечыні ад радзімы не трэба забываць, што дзеецца там.
«Цяпер кожны з нас — палітвязень, — кажа яна. — У Беларусі зняволеным можна аказацца ў адзін момант. Мы тут голас палітвязняў».
Наступная суразмоўніца ўпэўненая:
«Палітвязні павінны быць вызваленыя».
«Мы мусім увесь час пра іх напамінаць. Гэта наш абавязак. Без гэтага наша жыццё тут пазбаўленае сэнсу. Мы ўратаваліся, а яны застаюцца за кратамі», — адзначае жанчына.
Журналіст Ян Роман нагадвае пра зняволеных журналістаў. Іх за кратамі больш за тры дзясяткі.
Беласток. 21 мая. Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Выступовец напамінае, што 26 мая адбудзецца разгляд апеляцыі Андрэя Пачобута, асуджанага рэжымам Лукашэнкі на 8 гадоў пазбаўлення волі. У гэты дзень ля беларускага консульства ў Беластоку таксама адбудзецца акцыя салідарнасці з палітвязнямі.
Ян Роман кажа, што пагалоска ад такіх акцыяў даходзіць да зняволеных. Пра тое ён ведае ад самога Андрэя Пачобута.
«Колькасць журналістаў за кратамі паказвае, наколькі рэжым баіцца вольнага слова і помсціць за гэта…» — даводзіць у выступе журналіст.
Ля беларускага консульства казалі пра неабходнасць прыняцця ў вольнай Беларусі закона аб люстрацыі, які засцеражэ ў будучым краіну ад паўтарэння сённяшніх памылак.
У прамовах гучала, што варта захоўваць аптымізм. Мінулыя гады прынеслі і станоўчыя дасягненні:
«Паўнавартасна адроджаная нацыянальная сімволіка. Усе ведаюць, які сцяг і герб ёсць нацыянальнымі. Надыходзіць час адраджэння мовы, культуры і гісторыі. Таму глядзім у будучыню з аптымізмам. Не складаем рукі і робім маленькія справы, якімі мы можам набліжаць вызваленне», — кажа праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч.
Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Беластоку. 21 мая
21 мая акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў праходзяць па ўсім свеце. Праваабаронцы абвясцілі дзень смерці Вітольда Ашурка Днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Цяпер за кратамі, паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», у жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1525 палітзняволеных.
Глядзі таксама:
Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі
Як можна заданаціць і падтрымаць палітвязняў: спіс арганізацый